Вакаліст гарадзенскіх гуртоў «Кальян», «Людзі на балоце» і Dzieciuki Алесь Дзянісаў прыедзе ў Менск 21 лютага, каб прадставіць сольную праграму «Кароткая гісторыя Беларусі», напісаную на вершы Алеся Чобата.

Праграма на вершы паэта зь мястэчка Скідаль стваралася першапачаткова гуртом «Людзі на балоце», але ў выніку Алесь Дзянісаў вырашыў прадставіць яе ў сольнай якасьці, пад адну гітару. Каб зрабіць акцэнт менавіта на словы ды не згубіць сэнс у тлуме інструмэнтаў. «Алесь Чобат – геніяльны творца. Я не сустракаў паэта, які стварае настолькі моцныя вобразы. Кожная дробязь – ня проста так, – кажа Алесь. – Уражвае, як ён проста фантастычна абірае штосьці важнае ў нейкай гістарычнай падзеі й менавіта гэта падкрэсьлівае, нібыта выцягвае са стогу саломы іголку».

Праграма на вершы Алеся Чобата завецца «Кароткая гісторыя Беларусі». На адну зь песень на яе – «Турма» – нядаўна быў зьняты кліп, у здымках якога паўдзельнічаў і сам паэт.

Канцэрт Дзянісава пройдзе ў клюбе «Графіці» 21 лютага ў 20.30. Алесь на яго прыедзе адразу пасьля выступу гурта Dzieciuki у Белдзяржфілярмоніі на 80-годзьдзі Сяргея Картэса. Ён будзе складацца зь дзьвюх частак. У першай музыка прэзэнтуе новую праграму, у другой – прасьпявае некалькі невядомых кампазыцый, якія нідзе дагэтуль не гучалі. А для большай душэўнасьці па заяўках гледачоў зайграе й песьні гуртоў, у якіх бярэ ўдзел. Квіткі на вечарыну будуць каштаваць сымбалічна – 60 000 руб. (у папярэднім продажы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?