15 раней не знаёмых маладых людзей сабраліся ў адным месцы, каб паспаборнічаць у ведах ды знайсці сяброў-аднадумцаў. У 2015 годзе гэта гучыць трохі дзіўна.

«Зараз з’явіліся сацыяльныя сеткі. Людзі не выходзяць часта на вуліцу, у кавярні. Гэта не так часта, як было нават пяць год таму. Трэба людзей выводзіць», — тлумачыць адзін з арганізатараў Алесь Снег.

«У нас у Беларусі бракуе такіх рэчаў, каб людзі сустракаліся, знаёміліся і ўсё гэта адбывалася па-беларуску. Падручнікаў хапае, дзяржава не забараняе размаўляць па-беларуску — але няма з кім», — дадае ён.

Каманды пад назвамі «Нармальная каманда», «Лухта» і «Дзецюкі» (назвы прыдумлялі самастойна) расселіся за суседнімі сталамі. Першае заданне ім было простым: запосціць фота ў сацсетку. Хто набярэ болей лайкаў — атрымае болей балаў.

Далей жа прыйшлося адкласці смартфоны. «Varta» прадугледжвае спаборніцтвы ў ведах без дапамогі Google.

Першы раўнд нагадваў тэлегульню «Jeopardy!» і яе расійскі аналаг «Своя игра». На экране табліца з тэм і ўзроўняў складанасці — каманда абірае тэму і складанасць пытання, за правільны адказ балы адпаведна складанасці.

Другі раўнд — таксама пытанні, але ў розных формах. Спачатку ўсім камандам адначасова вусныя пытанні, затым супольнае адгадванне персон па фота іх помнікаў, пасля пераклад з рускай на беларускую на хуткасць сярод чальцоў каманды, потым тлумачэнне паняткаў без слоў…

Фармат гульні нарадзіўся ў працэссе падрыхтоўкі да «Беларусам быць модна», згадвае суарганізатар «Varta» Юлія Калодкіна: «Мы хацелі неяк змяніць нашу канцэпцыю, а атрымалася «Varta». Але першы праект таксама застаецца і калі ўсё атрымаецца, то праз пару тыдняў мы пабачымся на наступнай вечарыне».

У «Varta», гэткіх інтэлектуальна-адукацыйных гульнях была нацыянальная разынка.

Трэба было ведаць, напрыклад, хто ўпершыню выкарыстаў у мастацкай літаратуры слова «хмарачос», які беларускі горад другім атрымаў Магдэбургскае права ці якую крылатую фразу адзін гурт узяў у якасці назвы песні, а другі — і песні, і альбому.

Яшчэ адной адметнай рысай гульні гульні было тое, што побач са звычайнымі хлопцамі і дзяўчынамі гулялі вядомыя маладыя беларусы — музыкі Зміцер Афанасенка (Amaroka) і Уладзімір Лянкевіч (TonqiXod) ды паэт Віталь Рыжкоў.

«Калі ты іх звычайна бачыш на сцэне, ты не можаш да іх падысці і паразмаўляць, а тут яны побач, вы ў адной камандзе і на адным узроўні», — тлумачыць Юлія абавязковую прысутнасць зорак на гульні.

Іх таленты асабліва спатрэбіліся ў трэцім раўндзе гульні, калі гульцы атрымалі заданне пераагучыць відэа. Камандам трэба было па чарзе распавесці гісторыі свайго першага дня па-беларуску, сакрэты выжывання ў эканамічны крызіс ды заклікаць купляць беларускае, пакуль на фоне ішоў рэкламны амерыканскіх танных брытваў.

«Калі табе задаюць складанае пытанне, калі на цябе глядзіць мо трыццаць чалавек, ад цябе чакаюць чагосьці… Гэта трошкі бянтэжыць, казыча нервы, — прызнаецца здавалася бы звыклы да ўвагі публікі Уладзімір Лянкевіч. — Не знаю, як зоркай пабыць, але азарт я адчуў. Здаецца, «Varta» варта працягваць».

Арганізатары збіраюцца ладзіць гульні «Varta» ў сярэднем раз на месяц.

За абнаўленнямі можна сачыць УКантакце і на Facebook. На наступных гульнях фармат не зменіцца, але будуць новыя зоркі. Першы найбольш верагодны госць наступнай гульні — паэт Валярына Кустава.

«Нават калі чалавек баіцца з кім пазнаёміцца альбо пачаць размаўляць па-беларуску, тут ён гэта зможа, — абяцае Алесь Снег. — Рыхтавацца варта да таго, што будзе пекла, будзе горача і весела».

***

Па пытаннях арганізацыі і падтрымкі «Varta» звяртайцеся на адрас [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?