27 студзеня ў 16.00 у галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны».

Выданне выйшла ў свет у лістападзе 2014 г. пры фінансавай падтрымцы музея «Замкавы комплекс «Мір». Кніга змяшчае ілюстрацыі і звесткі пра сядзібы XVI — пачатку XX стст., якія знаходзіліся на тэрыторыі Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага і Іўеўскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Паводле меркавання аўтара, дадзеная публікацыя можа стаць асновай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

У 2013 г. выдавецтва «Беларусь» ужо надрукавала працу пісьменніка «Старадаўнія сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён». У гэтым годзе запланавана выданне трэцяга, заключнага тома, якое змесціць звесткі пра сядзібы астатніх раёнаў Гродзеншчыны.

У кнігах Анатоля Федарука адлюстраваны гісторыя старых сядзібаў, характарыстыка архітэктуры, паркаў, водных сістэм, дваранская культура, мастацкія каштоўнасці, стыль жыцця іх уладальнікаў. Апісаны сучасны стан сядзібаў, важнасць іх захавання і новага функцыянальнага выкарыстання.

Анатоль Федарук — прафесар, доктар біялагічных навук, выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Вывучэннем гісторыі архітэктуры, культуры старадаўніх сядзібаў Беларусі прафесар займаецца з 1967 г. Ён з'яўляецца аўтарам кніг «Садова-паркавае мастацтва Беларусі», «Старадаўнія сядзібы Мінскага краю», «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны».

Галерэя «Лабірынт»
адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?