Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Баранавічах 26 студзеня вынесла прыгавор 31-гадоваму мясцоваму жыхару за забойства пяцімесячнага дзіця сваёй знаёмай. 

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Жашко, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, вечарам 16 мая 2014 года ў Баранавічах мужчына ў нецвярозым стане прыйшоў у госці ў адзін з інтэрнатаў горада, дзе жыла яго знаёмая з сямігадовай дачкой і пяцімесячным сынам.

Разам з маці дзяцей і хроснай хлопчыка яны распівалі спіртныя напоі. Калі маці з дачкой і хроснай паехалі на таксі, каб узяць у той дома яшчэ спіртнога, мужчына застаўся ў пакоі. Ён глядзеў тэлевізар, пяцімесячны хлопчык спаў у ложку. Сыходзячы, маці зачыніла ўваходныя дзверы двухпакаёвага блока. 

Вярнуўшыся ў інтэрнат, яна выявіла, што дзверы адчыненыя, дзіцяці ў пакоі няма, а мужчына спіць. Жанчыны разбудзілі госця, які заявіў, што невядомы зайшоў у пакой і забраў дзіця. Выкліканыя супрацоўнікі міліцыі знайшлі пад вокнамі інтэрната мёртвага хлопчыка са шматлікімі пераломамі касцей зводу асновы чэрапа. 

17 мая мужчына, які прыходзіў у госці, быў затрыманы паводле падазрэння ў забойстве дзіцяці. Органамі папярэдняга следства ўстаноўлена, што 17 мая паміж 0.40 і 1.50 ён выкінуў хлопчыка з балкона, размешчанага на пятым паверсе інтэрната. Праведзенай стацыянарнай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай якіх-небудзь псіхічных адхіленняў у абвінавачанага не выяўлена. 

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у забойстве заведама малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане (п. 2 ч. 2 арт. 139 КК), і прыгаварыла да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Згодна з прысудам з яго спагнана 70 млн рублёў на карысць маці забітага дзіцяці. 

«У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну не прызнаў і заявіў, што не мае дачынення да гэтага злачынства», — сказаў Жашко. 

Прыгавор пакуль не набыў моц і можа быць абскарджаны. Раней мужчына судзімы не быў, працаваў на мясцовым прадпрыемстве.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?