Прадстаўнікі Беларусі на конкурсе песні «Еўрабачанне-2015» Uzari & Maimuna выступяць у другой частцы першага паўфіналу, які адбудзецца ў Вене 19 мая. 

wowstars.ru

wowstars.ru

Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, лёсаванне прайшло 26 студзеня ў межах цырымоніі перадачы сімвалічных ключоў «Еўрабачання» ў гарадской ратушы, падчас якой аўстрыйская сталіца афіцыйна прыняла статус горада — гаспадара «Еўрабачання-2015». 

Вялі цырымонію папулярныя асобы тэлеканала ORF Андзі Кнол і Каці Белавіч. За лёсаваннем назіралі каардынатар конкурсу ад ЕВС Ён Ола Санд і прадстаўнік кампаніі Digame, адказны за тэлегаласаванне, Томас Нідэрмаер. 

Афіцыйны склад кошыкаў для лёсавання, каб размеркаваць удзельнікаў на паўфіналы, быў аб'яўлены ЕВС напярэдадні. Кошыкі для лёсавання распрацаваныя кампаніяй Digame на аснове тэндэнцый галасавання краін за апошнія пяць гадоў. 

Усяго сёлета ў конкурсе возьмуць удзел 39 краін. Ужо вызначана, што ў першым паўфінале 19 мая выступяць 16 краін, у другім 21 мая — 17.

У першым паўфінале разам з прадстаўнікамі Беларусі выступяць і прагаласуюць Грэцыя, Македонія, Эстонія, Нідэрланды, Малдова, Фінляндыя, Бельгія, Арменія, Сербія, Данія, Румынія, Расія, Албанія, Грузія і Венгрыя. 

У другім паўфінале на сцэну выйдуць выканаўцы Нарвегіі, Ірландыі, Чэхіі, Літвы, Сан-Марына, Мальты, Партугаліі, Чарнагорыі, Швейцарыі, Азербайджана, Славеніі, Латвіі, Польшчы, Ісландыі, Ізраіля, Кіпра і Швецыі. 

Краіны «вялікай пяцёркі» — Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія — і арганізатар конкурсу гэтага года Аўстрыя аўтаматычна трапляюць у фінал 23 мая, аднак яны таксама транслююць паўфіналы і галасуюць за іх удзельнікаў. Іспанія, Францыя і Аўстрыя будуць ацэньваць канкурсантаў першага паўфіналу, Германія, Італія і Вялікабрытанія — другога. 

Парадкавыя нумары ўдзельнікаў абодвух паўфіналаў будуць вызначаныя пазней рашэннем прадзюсараў шоу. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў у паўфіналах дзейнічае ўжо некалькі гадоў і дазваляе арганізатарам рабіць шоу эфектным і ўнікальным, зазначылі ў прэс-службе. 

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі — «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?