Расійская ветэрынарная служба пацвердзіла факт фальсіфікацыі дакументаў на сасіскі, якія нібыта былі зробленыя на Гродзенскім мясакамбінаце і ўтрымлівалі геном віруса афрыканскай чумы свіней.

Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі Упраўлення Рассельгаснагляду па Цвярской і Пскоўскай абласцях, размешчанай на сайце ведамства.

«Упраўленнем Рассельгаснагляду па Цвярской і Пскоўскай абласцях была праведзена праверка ў сувязі з выяўленнем геному віруса АЧС у прадукцыі «сасіскі «Доктарскія» беларускай вытворчасці, адабранай у рамках эпізаатычнага маніторынгу на Цэнтральным рынку г. Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці, — гаворыцца ў паведамленні. — У ходзе праверкі выяўлены факт фальсіфікацыі ветэрынарных суправаджальных дакументаў на прадукцыю. У цяперашні час усе матэрыялы перададзеныя ў праваахоўныя органы для правядзення ўважлівага расследавання».

Пра тое, што дакументы на беларускую прадукцыю сфальсіфікаваныя, раней заявіў генеральны дырэктар ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» Анатоль Грышук. Паводле яго слоў, на працягу гадзіны пасля з'яўлення на сайце Рассельгаснагляду інфармацыі аб тым, што ў прадукцыі нібыта ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» быў знойдзены геном АЧС, у цвярскцю лабараторыю адправілася беларуская дэлегацыя.

«Там нас прынялі нармальна. І высвятлілася адразу: прадукцыі Гродзенскага мясакамбіната там ніколі не было. Яны не змаглі прад'явіць ні прадукцыю, ні дакументы. Усё, што яны змаглі паказаць, — гэта нейкія ксеракопіі. Усё гэта паслужыла падставай для таго, каб перадаць у паліцыю заяву пра падробку дакументаў», — адзначыў Анатоль Грышук.

Гендырэктар таксама паведаміў, што Гродзенскі мясакамбінат не паставіў ні адной партыі прадукцыі ў Расію з 10 снежня. Больш за тое, прадпрыемства і раней не ажыццяўляла пастаўкі ў Пскоўскую вобласць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?