Уладзімір Скрабатун, фота Кастуся Шыталя

Уладзімір Скрабатун, фота Кастуся Шыталя

Сёння, 23 студзеня, святкуе 60-годдзе адзін з найбольш вядомых і выбітных сучасных глыбачанаў – краязнаўца і рэдактар «Вольнага Глыбокага» Уладзімір Скрабатун.

Уладзімір Скрабатун пачаў даследваць Глыбоччыну яшчэ ў 1970-я, калі вучыўся ў школе. Ужо за савецкім часам ён стаў перакананым беларускім патрыётам. За дзесяцігоддзі Скрабатун сабраў велізарную колькасць матэрыялаў па гісторыі – фотаздымкаў і дакументаў, кніг, успамінаў.

Уладзімір Скрабатун ёсць суаўтарам выдання «Памяць. Глыбоцкі раён» (Мінск, 1995), аўтарам кнігі «Глыбокае на старых паштоўках» (Мінск, 1998). Напісаў сотні краязнаўчых артыкулаў, якія друкаваліся ў «Весніку Глыбоччыны», «Вольным Глыбокім», «Нашай Ніве». Сабраныя ў адно, гэтыя артыкулы маглі б стаць найлепшай энцыклапедыяй гісторыі Глыбокага і наваколля. (Аўтару варта было б падумаць, каб выдаць іх кнігай, а можа і серыяй кніг).

У 1994 годзе Уладзімір Скрабатун заснаваў газету «Вольнае Глыбокае», якая ўжо дваццаць год друкуе мясцовыя навіны, краязнаўчыя артыкулы, ды – праз публікацыю рэкламы і абвестак – спрыяе ажыўленню эканомікі рэгіёна.

Рэдакцыя «Вестак» шчыра віншуе Уладзіміра Скрабатуна з юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, аптымізму, поспехаў на выдавецкай і краязнаўчай ніве. І няхай хутчэй споўніцца Ваша і наша мара аб вольным Глыбокім і вольнай Беларусі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?