Сведкамі незвычайнай прыроднай з'явы сталі сёння жыхары Гомеля — над цэнтральнай часткай горада пранеслася сапраўдная навальніца.

Спачатку на небе ўспыхнула шырокая маланка, а следам пачуўся раскат грому. Пасля гэтага пачаўся моцны снегапад, які працягваўся 10 хвілін. Затым неба над абласным цэнтрам, якое некалькі гадзін было зацягнута хмарамі, рэзка прасвятлела і нават выбліснула сонца.

Маланка ўдарыла ў тэлерадыецэнтр і пашкодзіла абсталяванне, на кароткі час было спынена вяшчанне абласнога радыё.

У рэдакцыі Гомельскага абласнога радыё БелаПАН паведамілі, што зараз вядуцца наладачныя працы.

Па словах старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіля Маслака, навальніца, хоць і не тыповая зімой для нашых шырот, адбываецца перыядычна. Прычынай з'яўляецца парушэнне ў сістэме фарміравання атмасферных слаёў.

«Халодныя і цёплыя патокі паветра ў адносінах да зямлі памяняліся месцамі. Напрыклад, падчас апошняга пахаладання тэмпература паветра ў зямлі даходзіла да мінус 15 градусаў, а на вышыні ў некалькі кіламетраў была плюс 2 градусы. Відаць, зараз прырода выпраўляе гэта неадпаведнасць», — сказаў БелТА суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0