Беларускія мадэлькі апранулі майкі з арнаментам і зняліся для «глянца». Праўда, пакуль толькі беларускага. Адзенне «Honar» паказалі на Fashion week, але зноў толькі Belarusian. Малы крок зроблены — сусветна вядомы рэпер Снуп Дог выпусціў калекцыю «Snoop Loves Belarus». Ці пашырыцца трэнд з нацыянальнымі ўзорамі на сусветную моду?

Шанец заўжды ёсць. Арнамент — гэта цікава і нетыпова. І дэфіляваць ёсць каму. Прыгажосць беларусак шануюць не толькі замежнікі, якія наведваюць гламурныя мінскія клубы. 

«Наша Ніва» знаёміць з самымі вядомымі беларускімі топ-мадэлямі. Хто ведае, можа неўзабаве і яны «адчуюць, як сэрца начамі…».

Марына Лінчук

   Фота i919.photobucket.com.

 Фота i919.photobucket.com.

25-гадовая дзяўчына сёння на самай вяршыні мадэльнага бізнесу і ўжо даўно перайшла ў разрад топ-мадэляў. У Мінску прапрацавала зусім нядоўга. У 15 гадоў паехала ў Маскву. Пасля яна больш за два гады працавала ў Японіі, потым заваявала Еўропу і Нью-Ёрк. Лінчук здымалася для Versace, Christian Dior, Escada, Dolce & Gabbana, Max Mara і іншых брэндаў з сусветным імем.

На подыуме яна працавала таксама для самых вядомых дамоў моды: Givenchy, Gucci, Dolce & Gabbana, Versace, Christian Dior, John Galliano, Valentino, Chanel, Roberto Cavalli. Прымае ўдзел у паказах Victoria's Secret fashion show з 2008 года. Марына яшчэ з'яўляецца і тварам Dior. У рэкламным роліку брэнда яна ўяўляе водар «Miss Dior Chérie».

Фота fashionmention.com.

Фота fashionmention.com.

Прыгажуня валодае англійскай і японскай мовамі, аддае перавагу вегетарыянству.

Лінчук жыве ў Нью-Ёрку, але бывае і ў Беларусі — летам частку адпачынку яна правяла ў Ракаве, пад Мінскам.

 

Каця Даманькова

 Фота thechive.files.wordpress.com.

 Фота thechive.files.wordpress.com.

Яшчэ адзін анёл «Victoria Secret». Яе шлях у сусветны мадэльны бізнес пачаўся ў 2006. Тады 17-гадовая Каця выйграла прэстыжны конкурс «Супермадэль свету» ў Нью-Ёрку. Яе запрашалі для фотасесій часопісы ELLE, Marie Claire, яна прадстаўляла брэнд TODS і здымалася для каталога H&M. Удзельнічала ў паказах Armani і Victoria's Secret.

Фота st-im.kinopoisk.ru.

Фота st-im.kinopoisk.ru.

Цяпер Каця замужам за расійскім мільянерам, уладальнікам клуба «Рэдынг» англійскай прэм'ер-лігі Антонам Зінгарэвічам. Каця працягвае працаваць мадэлькай, але, па яе ж словах, не надта актыўна.

 

Анастасія Белікава

 

Першая беларуская, якая трапіла на вокладку Vogue, уваходзіла ў Топ-50 самых запатрабаваных мадэляў свету. Мадэльная кар’ера Белікавай пачалася з кастынгу ў Брэсце. Тады ёй было 15 гадоў. Ужо праз чатыры гады яе імя стала вядомым ва ўсім свеце.

Як і Марына Лінчук, першы час працавала ў Японіі. Яна сама сцвярджае, што заваяваць еўрапейскі свет моды ёй дапамаглі батфорты: багаж з туфлямі на абцасах згубілі і на кастынгу Prada — давялося быць у такім нетыповым для мадэляў абутку. Аднак менавіта боты (разам са знешнасцю, канечне) спадабаліся Міучэ Прада.

 

Каця Хлябанава

 

Пішуць, што яна любімая мадэль Джорджыа Армані. І, напэўна, першая беларуская мадэль, якая дасягнула такога поспеху ў індустрыі моды. Дзяўчына пачала з’яўляцца на подыумах яшчэ ў 2000. Мадэльную кар’еру скончыла ў 2005. Цяпер жыве ў ЗША, гадуе траіх дзяцей.

 

Таня Дзягілева

 

 

У 2010 годзе часопіс Esquire стварыў сексуальную мапу свету — Таня Дзягілева на ёй прадстаўляла Беларусь. Працуе для сустветных брэндаў з 2006, тады ёй было пятнаццаць. Цяпер з’яўляецца на паказах Chanel, Christian Dior, Hermès, Alexander McQueen, Jean Paul Gaultier, Missoni, Versace, Prada, Donna Karan, Calvin Klein.

З'явілася на вокладцы расійскай версіі часопіса Vogue, на сёння рэкламуе Hugo Boss, Michael Kors, Christian Dior, Lanvin, Yves Saint Laurent і Jean-Paul Gaultier.

 

Наталля Рамарчук

Лічыцца адной з найбольш перспектыўных беларускіх мадэляў. У яе класічная і адначасова казачная гісторыя поспеху — заўважылі ў мінскім метро, а праз паўгода яна прадстаўляла калекцыі Prada, McQueen, Givenchy і Dior у Нью-Ёрку. Ёй было 17 гадоў. А быў гэта 2013.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?