15 кастрычніка ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень мыцця рук. У гэты дзень прынята нагадваць аб важнасці такога проста дзеяння, як мыццё рук з мылам.

Фота physicianser.net.

Фота physicianser.net.

Увогуле, да сярэдзіны XIX стагоддзя нават у прасветленай Еўропе не практыкавалася сістэматычнае мыццё рук. Усё змяніў венгерскі тэрапеўт Ігнац Земельвайс. Земельвайс служыў у Венскім клінічным шпіталі, пры якім працавалі два радзільныя дамы. У першым з іх смяротнасць была на невысокім узроўні, але ў другім часам дасягала 30%.

Земельвайс зацікавіўся такой розніцай у лічбах, але доўга не мог знайсці прычыну. Адказ прыйшоў разам з трагічнай смерцю сябра Земельвайса Якаба Колечкі. Падчас ускрыцця трупа той парэзаўся скальпелем і памёр. Клінічныя праяўленні хваробы Колечкі нагадвалі праяўленні пасляродавай гарачкі, ад якой жынчыны пакутавалі ў роддоме.

Аказалася, што ўрачы клінікі з высокай смяротнасцю праводзілі многа аўтапсій трупаў для адукацыі студэнтаў.

Роды ж ішлі прымаць з нямытымі рукамі — тады яшчэ не ведалі аб ролі патагенных мікраарганізмаў. Аднак Земельвайс дапусціў, што ліхаманку выклікаюць нейкія «трупныя часціцы», і прапанаваў персаналу мыць рукі хлорнай вапнай. Вынікі новаўвядзення былі проста ашаламляльнымі: смяротнасць знізілася на 90%, да ўзроўня каля 2%. У 1848 годзе ў раддоме нават увялі жорсткі кантроль за мыццём рук. Нягледзячы на статыстыку, адкрыццё Земельвайса не прынялі сур'ёзна — толькі праз 20 гадоў, калі была даказаная мікрабіялагічная прырода захворванняў, медыцына стала стэрыльнай.

Аднак і сёння мільёны людзей па ўсім свеце, звычайна праз беднасць, не мыюць рукі.

Але гэтая простая працэдура значна памяншае рызыку падхапіць якую-небудзь інфекцыю. Гэта наглядна дэманструе эксперымент, праведзены ў пакістанскім горадзе Карачы ў 2003 годзе. Там сем'ям у бедным раёне цягам 9 месяцаў бясплатна раздавалі мыла і заахвочвалі мыць рукі. У выніку колькасць захворванняў на дыярэю знізілася на 53% у параўнанні з кантрольнай групай, якая не мыла рукі.

«Мыццё рук мусіць быць звычкай. Штосьці зрабіў — памый рукі. Схадзіў у прыбіральню — памый рукі, вярнуўся дадому — памый рукі, мыў падлогу — памый рукі. У гэтай справе надта часта не бывае. Асабліва гэта актуальна ў перыяд эпідэмій. Той жа грып часта перадаецца праз рукі: хтосьці чыхнуў, потым паціснуў руку, іншы чалавек дакрануўся да носа ці вачэй — і заразіўся», — кажа намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска Святаслаў Вельгін.

Вельгін нагадвае, што мыць рукі трэба абавязкова з мылам:

«Урачы любяць гаспадарчае мыла, але падыйдзе любое. Аднак найбольш гігіенічна карыстацца вадкім мылам, бо на кавалку цвёрдага мыла могуць захоўвацца мікраарганізмы».

Колькі часу трэба прысвяціць мыццю рук? Цэнтр па кантролі за захворваннямі ЗША рэкамендуе мыць рукі не менш за 20 секунд. Але большасць крыніц настойвае на 40–80-секундным мыцці. Пры гэтым старанна намыліць трэба ўсю паверхню рук: далоні, тыльную паверхню рук, міжпальцавую прастору. Цікава, што даследчыкі не выявілі вялікіх адрозненняў у эфектыўнасці паміж простым і антыбактэрыяльным мылам. А вось самым эфектыўным сродкам санацыі рук пакуль застаецца выкарыстанне антысептыку для рук на аснове спірту. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?