Беларускі парламент і Аляксандр Лукашэнка выканалі нацыяналныя працэдуры па ратыфікацыі дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза(ЕАЭС) паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам.

У агульных рысах дамова адпавядае сусветнай тэндэнцыі здымаць гандлёвыя бар’еры і сінхранізаваць эканомікі. Разам з тым, ЕАЭС не можа разглядацца як аналаг, напрыклад, Еўрапейскага Саюза.

Звяртаюць увагу тры асноўныя фактары, якія робяць далучэнне да ЕАЭС надзвычай непажаданай падзеяй для Беларусі:

1) Легітымнасць палітычнага рэжыму Беларусі недастаковая для таго, каб падпісваць міжнародныя дамовы такой значнасці. Лукашэнка быў абраны дэмакратычным шляхам толькі аднойчы ў 1994 годзе. З таго часу ён забяспечвае «перамогі» ўжо ў першых турах і накіроўвае апанентаў за краты. Міжнародная супольнасць таксама не прызнае легітымным беларускі парламент з моманту канстытуцыйнага перавароту 1996 года. Таму не можа лічыцца законным любы дакумент, што закранае суверэнітэт Беларусі, падпісаны нелегітымным прэзідэнтам Лукашэнкам і ратыфікаваны нелегітымным парламентам.

2) Расія – ваяўнічая, адсталая дзяржава ў міжнароднай аблозе. Праз анексію Крыма і распальванне, падтрымку і ўдзел у сепаратызме на ўсходзе Украіны, Расія стала аб’ектам эканамічных санкцый і міжнароднай кампаніі па палітычнай ізаляцыі. Гэтыя захады накіраваныя на тое, каб падраваць здольнасць Расіі праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку супраць сваіх суседзяў. Эканамічныя перспектывы Расіі ў гэтым супрацьстаянні нічога добрага не абяцаюць. Дамова аб ЕАЭС набліжае няўстойлівую эканоміку Беларусі да перакошанай нафтавай эканомікі Расіі. Гэта зробіць яе яшчэ больш уразлівай да тых праблем, якія чакаюць Расію.

3) Расія аднаўляе статус і межы валадарання. Пуцін стаў галоўнай сілай па аднаўленні імперыі праз інтэграцыйныя структуры – Мытны саюз і цяпер ЕАЭС. Пасля вайны супраць Грузіі Расія прыняла дактрыну, якая аб’явіла аб сваёй «сферы прывілеяваных інтарэсаў». Згодна з дактрынай, Расія надала сама сабе права «вета» датычна рашэнняў краін, якія ўваходзяць у гэтую сферу. Беларусь ужо даўно знаходзіцца ў небяспечнай залежнасці ад волі Масквы ва ўсіх вымярэннях. ЕАЭС толькі ўзмацняе прывязку Беларусі да Расіі і надалей паслабляе нацыянальны суверэнітэт.

Падчас прэзідэнцтва слабога Ельцына амбітны Лукашэнка быў галоўным рухавіком інтэграцыйных працэсаў паміж дзвюма краінамі. З прыходам да ўлады Пуціна стала зразумела, што Лукашэнку не кіраваць аб’яднанай дзяржавай Беларусі і Расіі. Тым не менш, ён падрыхтаваў глебу для Пуціна, каб той мог распачаць працэс умацавання кантролю над суседзямі.

Вайна супраць Украіны даказала, што Расія гатовая адстойваць сваю дактрыну на практыцы. Беларусь са сваім няўцямным статусам і рэпутацыяй у свеце не зможа знайсці альтэрнатыў на Захадзе, каб ураўнаважыць уплыў Расіі. Таму, пасля таго, як ЕАЭС набудзе сілу, кантроль Масквы над Мінскам стане яшчэ больш шчыльным. 

Нелегітымны кіраўнік кантралюе суверэнітэт, незалежнасць і, урэшце рэшт, будучыню Беларусі. Лукашэнка літаральна захапіў краіну і стабільна кіруе яе пад уладаранне Расіі. Дэмакратычным урадам і міжнародным арганізацыям неабходна памятаць пра дэфіцыт легітымнасці Лукашэнкі і іншыя узгаданыя неспрыяльныя абставіны, калі яны будуць даваць ацэнку заключэнню і рэалізацыі Беларуссю дамовы аб ЕАЭС. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?