Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка стварыў камітэт па пытаннях разведкі пры прэзідэнце і прызначыў яго кіраўніком свайго дарадцу Ігара Смяшко.

Адпаведны ўказ з'явіўся на сайце кіраўніка дзяржавы ў сераду.

Пазначана, што гэта зроблена, «з мэтай павышэння эфектыўнасці работы па забеспячэнню ажыццяўлення прэзідэнтам паўнамоцтваў па кіраўніцтве, каардынацыі і кантролі за дзейнасцю разведвальных органаў Украіны».

Камітэт утвараецца ў складзе старшыні, двух намеснікаў старшыні, у тым ліку аднаго першага, і іншых членаў камітэта, якія прымаюць удзел у яго працы на грамадскіх пачатках.

Персанальны склад камітэта зацвярджаецца прэзідэнтам Украіны па прадстаўленні старшыні камітэта.

Старшыні камітэта Смяшко даручана ўнесці ў двухтыднёвы тэрмін: праект палажэння аб Камітэце па пытаннях выведкі пры прэзідэнце і прапановы па яго персанальным складзе, і прапановы аб парадку каардынацыі дзейнасці выведвальных органаў Украіны ў асаблівы перыяд.

У сваю чаргу прэс-сакратар Парашэнкі Святаслаў Цаголка растлумачыў, што прэзідэнт паставіў перад Смяшко задачу «аб'ектыўна інфармаваць армію, краіну, свет адносна вайны і пагроз».

Раней у гэты ж дзень Парашэнка прызначыў Смяшко сваім дарадцам.

Ігар Смяшко ўзначальваў Службу бяспекі Украіны з 4 верасня 2003 па 4 лютага 2005.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?