На Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў, якая адбылася ў лютым 1993 года ў Мінску, адной з асноўных задач была распрацоўка і абмеркаванне новай канцэпцыі айчыннай гісторыі і падыходаў да яе вывучэння.

Па словах Міхаіла Касцюка, які выступіў там з дакладам, «даследаванне гісторыі Беларусі павінна быць дэідэалагізавана і дэпартызавана, а гэтага можна дасягнуць шляхам незалежнасці даследчыкаў ад якіх бы то ні было палітычных партый, рухаў ці арганізацый… Таксама трэба адмовіцца ад марксізму-ленінізму як безумоўнай тэарэтычнай асновы».

Першыя навучальныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі з’явіліся у 1992-1993 гадах. У параўнанні з кнігамі савецкіх часоў куды больш значная ўвага ў іх надавалася пытаннням этнагенезу беларусаў, беларускай дзяржаўнасці ў раннім Сярэднявеччы і ўвогуле палітычнай гісторыі нашай краіны. Таксама шмат у іх распавядалася пра развіццё нацыянальнага руху і культуры, жыццё беларускай дыяспары.

Разам з тым дапаможнік для 8-9-х класаў, які выйшаў у 1993 годзе пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук Загарульскага, знешне не адрозніваўся ад свайго папярэдніка, выдадзенага ў 1989 годзе. У перавыданні захаваўся нават тэкст уводзінаў, з якіх у больш позняй рэдакцыі выкрэслілі словы пра «працоўных БССР, якія разам з усім савецкім народам пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі і па яе ініцыятыве вырашаюць пытанні рэвалюцыйнага абнаўлення ўсіх бакоў жыцця сацыялістычнага грамадства». У астатнім тэкст прыводзіўся без зменаў, уключаючы шматлікія спасылкі на Леніна.

Іншым быў змест навучальнага дапаможніка для 9-га класа гэтага ж года, выдадзенага пад аўтарствам дактароў гістарычных навук Сідарцова і Фаміна. Па ўводзінах да падручніка,«яго змест вызначаўся пераваротам, які ажыццявілі бальшавікі ў кастрычніку 1917 года, і ўстанаўленнем улады Саветаў. Шляхам дэмагагічных абяцанняў аб светлай будучыні для ўсіх працоўных, а таксама рэпрэсіямі і насіллем яны ўстанавілі ў краіне таталітарны рэжым, які праіснаваў больш за 70 гадоў». Замена штампу аб «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі» на тэрмін «пераварот» ілюструе змены ў падыходах да выкладання.

Аб гісторыі стварэння першых навучальных дапаможнікаў распавядае адзін з іх стваральнікаў Уладзімір Нікіфаравіч Сідарцоў – доктар гістарычных навук, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

– З якімі праблемамі вы сутыкнуліся як аўтар першых дапаможнікаў па гісторыі Беларусі для школьнікаў? Выкладанне якіх тэм выклікала найбольшыя складанасці?

– Да стварэння ўласных навучальных дапаможнікаў мы былі гатовыя. У нас, напрыклад, быў вопыт складання хрэстаматый па гісторыі Беларусі. Але як толькі была абвешчаная незалежнасць Беларусі, на складальнікаў хрэстаматый абрынулася крытыка: не прадстаўлены найважнейшыя дакументы ў жыцці беларускага народа. Ведалі б крытыкі, якой цаной з'явіліся ў друку гэтыя навучальныя дапаможнікі!

Мала было сабраць і збалансаваць матэрыял па крыніцах з гісторыі роднай краіны, адлюстраваць яе жыццё мовай дакументаў. Трэба было прарвацца праз «жалезную заслону», якую стваралі чыноўнікі з органаў цэнзуры. Нам з Ігнаценкам прыйшлося трымаць іх «аблогу», асабліва з нагоды прадстаўлення з'ездаў Саветаў у 1917 г., прынятых імі рашэнняў, адносінаў да іх бальшавікоў. Нашы спробы схітраваць, замяніць адны дакументы іншымі, аналагічнымі, або падысці да тэмы некалькі з іншага боку былі спынены пад пагрозай недапушчэння хрэстаматыі да друку. Нашмат лягчэй было складаць такі навучальны дапаможнік па гісторыі Беларусі да 1917 года.

Ужо ў 1992 г. з'явіўся навучальны дапаможнік нацыянальнай гісторыі, а ў наступным годзе яго новае выданне на беларускай і рускай, аўтары якога спрабавалі дзейнічаць у адпаведнасці з новай канцэпцыяй.

- З якой менавіта канцэпцыі беларускай гісторыі зыходзілі аўтары навучальных дапаможнікаў? Як фармавалася гэтя канцэпцыя?

- Першыя навучальныя дапаможнікі не маглі быць адпаведнымі Нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, якая распрацоўвалася паралельна. Упершыню канцэпцыя была апублікаваная ў «Настаўнiцкай газеце» і «Беларускiм гiстарычным часопiсе». Выступаючы супраць «вялiкапольскай i вялiкарускай антыбеларускiх канцэпцый», аўтар паэтапна прасачыў за тымі, хто закладваў асновы беларускай нацыянальнай канцэпцыі, хто адстойваў яе на працягу XIX - 20-х гг. XX стагоддзя. Магчымасці для адраджэння і развіцця нацыянальнай гістарыяграфіі склаліся на мяжы 80-90-х гадоў XX ст. у выніку крушэння таталітарнай сістэмы, распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці. Адкрылася шмат фактаў, якія казалі пра неабходнасць пераасэнсавання айчыннай і сусветнай гісторыі з старажытных часоў да нашых дзён.

Зыходзячы з прынцыпаў Нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, Міхаіл Біч вылучыў некалькі пытанняў, якія патрабавалі прынцыповага пераасэнсавання: паходжанне беларускага этнасу; утварэнне Вялiкага княства Лiтоўскага, месца i роля Беларусi ў гэтай дзяржаве; становiшча Беларусi ў складзе Расiйскай iмперыi; гiсторыя Беларусi савецкага перыяду.

– Калі і дзе адбыўся разгляд гэтай канцэпцыі?

- Абмеркаванне і прыняцце канцэпцыі адбылося на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў, якая праходзіла ў лютым 1993 года на базе гістарычнага факультэта БДУ.

Тады мы мелі толькі асобныя старонкі нацыянальнай гісторыі як дадатак да агульнай, савецкай, гісторыі. Асноўнай задачай была ліквідацыя «белых плям» у гістарычным развіцці Беларусі і стварэнне перманентнай нацыянальнай гістарыяграфіі.

Але праблемы ўкаранення ў беларускую навуку міждысцыплінарнага падыходу, разгляду гісторыі з пазіцыі ўзрастання ў ёй ролі звычайнай асобы, звязаных з імі новых напрамкаў, якія ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны, былі доляй адзіночак. Большасць гісторыкаў ганарыліся сваёй прыхільнасцю класічным поглядам. Яны не жадалі разумець, што стагоддзе класікі, або «залаты век», гістарычнай навукі мінуў яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя.

- Хто выступаў на гэтай канферэнцыі? Якія былі асноўныя тэзісы?

- З асноўным дакладам на канферэнцыі выступіў тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Міхаіл Паўлавіч Касцюк, яго тэмай была «Нацыянальная канцэпцыя гiсторыi Беларусi: асноўныя падыходы». «Самастойнай дзяржаве – Рэспублiцы Беларусь, – сказаў ён у пачатку, – патрэбна свая, самастойная, нi ад кога не залежная нацыянальная гiсторыя», а каб быць такі, яна павінна стаць дэідэалагізаваныя і дэпартызаванае.

На думку спадара Касцюка, неабходна было надаваць больш увагі дасавецкай гісторыі і выкарыстоўваць новыя крыніцы па ўсіх астатніх перыядах. Пашыраць тэматыку даследаванняў і асвятляць гісторыю культуры беларускага народа. Уключыць у гісторыю тэмы аб беларускай дыяспары і ўлічваць геапалітычнае становішча Беларусі. Важна разглядаць гісторыю Беларусі ў кантэксце славянскай, еўрапейскай і сусветнай цывілізацый, супрацоўнічаць з гісторыкамі іншых краін і выкарыстоўваць у даследаваннях традыцыйныя і нетрадыцыйныя метады - напрыклад, матэматычныя падыходы і камп'ютарную тэхніку.

Урывак з падручніка «Беларусь Мая Радзіма» (1993):

З прынцыпова новых сюжэтаў у падручніку, прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі, сустракаюцца параграфы «Усталяванне таталітарнага рэжыму. Масавыя рэпрэсіі», «Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Абвяшчэнне БНР», тэрміны «сталінізм», «хрушчоўская адліга». «Перамога культурнай рэвалюцыі ў БССР» у 1930-я гады, дзякуючы якой «перад працоўнымі Беларусі адкрыліся бязмежныя прасторы для праяўлення сваіх здольнасцей і талентаў», нарэшце была выкладзена школьнікам як трагічны перыяд «уціску нацыянальнай культуры», падчас якога ахвярамі пераследу сталі многія дзеячы мастацтва і навукі. Упершыню ў навучальным дапаможніку былі зроблены спробы аналізу прычын паражэнняў Чырвонай арміі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Аб асаблівасцях напісання першых айчынных падручнікаў па гісторыі распавядае Таццяна Астроўская – даследчыца, аўтар аналітычнай працы «Генеалогія гістарычнай памяці беларусаў у кантэксце адукацыйных практык»:

– Якімі былі, на ваш погляд, галоўныя праблемы, з якімі сутыкнуліся аўтарскія калектывы першых падручнікаў?

– Стварэнне падручнікаў па нацыянальнай гісторыі – працэс доўгі і працаёмкі, які павінен ажыццяўляцца сумеснымі намаганнямі навукоўцаў і педагогаў, тэарэтыкаў і практыкаў адукацыі. У дзяржаве, якая толькі што абвясціла аб сваім суверэнітэце, механізмы стварэння вучэбнай літаратуры не распрацаваны, а сістэма адукацыі шмат у чым дзейнічае па старых канонах, таму адказнасць у стварэнні радыкальна новага па змесце матэрыялу шмат у чым кладзецца на аўтараў падручнікаў.

У сітуацыі вострай неабходнасці ў новай вучэбнай літаратуры аўтары, верагодна, не мелі дастаткова часу для падрыхтоўкі, таму тэксты падручнікаў не адрозніваюцца канцэптуальнай складнасцю.

Уводзіны ў падручнік гісторыі для 7 класа

Яны складаныя, насычаныя фактамі і датамі, мала прыстасаваныя да асаблівасцяў узросту мэтавай аўдыторыі і з’яўляюцца, па сутнасці, рабочым матэрыялам і для настаўнікаў, многія з якіх, верагодна, знаходзіліся ў такім жа стане разгубленасці перад неабходнасцю працаваць з цалкам новым матэрыялам, як і іх навучэнцы.

 На якіх прынцыпах грунтавалася распрацоўка новай канцэпцыі беларускай гісторыі?

– У канцы 1980-х — пачатку 1990-х інтэлектуальныя эліты ў Беларусі вяртаюцца да ідэі нацыянальнага адраджэння, якая зарадзілася ў пачатку XX стагоддзя. Таму навучальная, як і разнастайная навукова-папулярная літаратура па гісторыі, якая пачынае выходзіць у гэты час, рэалізуе задачу фарміравання не сфармаванай, як лічыцца, да канца нацыі, культывацыі нацыянальных міфаў і стварэння пантэона нацыянальных герояў.

У сітуацыі татальнага крызісу ідэнтычнасці існавала вострая неабходнасць у такой жа моцнай крыніцы сэнсу, якой была савецкая ідэалогія, што руйнавалася на вачах, і ў якасці гэтай крыніцы выступіў нацыяналізм.

Канструяванне нацыянальнага спалучаецца з адмаўленнем і барацьбой з уплывам расійскай і савецкай гісторыі, але, як часта здараецца, «антыкаланіяльны» рух выкарыстоўвае прыёмы і рыторыку заваёўнікаў. Таму ў першых беларускіх падручніках з’яўляюцца такія характэрныя для савецкай гістарыяграфіі фразы, як «бальшавікі дэмагагічна заяўлялі», «ланцугі або кайданы таталітарызму», «вузкакласавы падыход», звернутыя цяпер у процілеглы бок.

– Тым не менш першыя падручнікі па гісторыі мелі, напэўна, і станоўчыя бакі?

 Безумоўна. У новых падручніках адкрыта крытыкуецца савецкая сістэма і заяўляецца аб злачынствах і ахвярах таталітарызму, што ў тых умовах таксама не супадала з афіцыйнай пазіцыяй: кіраўніцтва зноў абвешчанай рэспублікі складалася па большай частцы з былой савецкай наменклатуры, якая па-ранейшаму мела надзею адрадзіць звыклы парадак рэчаў.

У першы (і, на жаль, дагэтуль – у апошні) раз у школьных падручніках абмяркоўваюцца такія тэмы, як экалагічная катастрофа ў Беларусі, якая з’явілася тут вынікам савецкай індустрыялізацыі, ці палітыка русіфікацыі ў СССР. Аўтары нават бяруць на сябе смеласць сумнявацца ў правамернасці і паспяховасці дзеянняў урада, які знаходзіцца на той момант ва ўладзе. Характэрна, аднак, што пазіцыя некаторых з аўтараў пазней перажывае эвалюцыю ад актыўных крытыкаў савецкай сістэмы да апалагетаў цяперашняга рэжыму, у залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры.

Нягледзячы на некаторыя недахопы, першыя нацыянальныя падручнікі маюць прынцыповае значэнне для самасвядомасці маладымі беларусамі сябе як нацыі. Акрамя таго, адмаўленне «ўсходняга вектару» адначасова азначае таксама жаданне быць уключанымі ў заходнюю традыцыю, што суправаджаецца адкрытасцю розных меркаванняў, талерантнасцю і прыхільнасцю да дэмакратыі, і гэта неаднаразова падкрэслівалася ў саміх тэкстах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?