Выйшла з друку другое выданне кнігі літоўскага гісторыка Рымвідаса Пятраўскаса «Літоўская знаць у канцы XIV— пачатку XV стагоддзя». 

Гэтая праца — спроба сінтэзу персанальнай і сацыяльнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. З аднаго боку, аўтар імкнецца вызначыць паходжанне літоўскай знаці і паказаць яе генеалагічнае развіццё, а з іншага боку спрабуе раскрыць структурны пералом унутры згаданай знаці, які адбыўся ў XV ст.

Абедзве асноўныя праблемы разглядаюцца з улікам досведу еўрапейскай гістарыяграфіі. Паводле аўтара: «Ад самага пачатку дзяржаўнасці Літвы ў палітычную эліту краю інтэграваліся групы людзей рознага этнічнага паходжання і розных канфесій.

Напрыклад, у пачатку ХІІІ ст. літоўскае войска вёў герсіцкі князь Усевалад, ваярамі караля Міндаўга кіраваў Хвал, а знакамітым ураднікам вялікага князя Гедзіміна быў горадзенскі староста Давыд.

Спатрэбілася ўсяго толькі адно ці два пакаленні, каб на новым месцы прадстаўнікі знаці змянілі сваю канфесійную і этнічную тоеснасць. Князі Гальшанскія, што паходзілі з глыбіні паганскай Літвы, у XV ст. у Кіеве ўжо трактаваліся як мясцовыя «князі кіеўскія», а Хадкевічы, што паходзілі з праваслаўных зямель, у XVІ ст. фіктыўна выводзілі сябе ад «літоўскага» баярына Барэйкі.

Даследаванні эліты ўлады выразна паказваюць, што пры фармаванні палітычных груп найзначнейшымі былі крытэрыі роднаснасці і тэрытарыяльныя, а не канфесійныя і нацыянальныя.

Разгледжаная ў гэтай кнізе знаць XIV i XV ст. — гэта прадстаўнікі «палітычнай літоўскай нацыі», што нараджалася ў гэты час, яны разам з пануючай дынастыяй Гедзімінавічаў стварылі Вялікае Княства Літоўскае.

Азнаёміцца са зместам кнігі і даведацца, як яе замовіць, можна на сайце часопіса Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0