Машыны здымачнай групы брытанскага тэлешоў Top Gear закідаў камянямі натоўп аргенцінцаў. Па паведамленні The Guardian, аргенцінцы ўбачылі ў рэгістрацыйным знаку аўтамабіля вядучага Джэрэмі Кларксана абразлівы намёк на падзеі Фальклендскай вайны 1982 года.

Porsche Кларксана мае рэгістрацыйны нумар H982 FKL. Аргенцінцы, якія ўбачылі яго, палічылі, што так вядучы вырашыў нагадаць мясцовым жыхарам пра вайну за Фальклендскія выспы (лічбы на ім асацыююцца з годам канфлікту, а літары — з назвай выспаў).

У выніку нападу пацярпеў аўтамабіль вядучага і адзін з тэхнічных спецыялістаў з Аргенціны, нанятых брытанскай камандай, — камень трапіў яму ў твар. Інцыдэнт выклікаў моцнае грамадскае абурэнне, таму аргенцінскім уладам прыйшлося папрасіць каманду Top Gear з'ехаць раней за запланаваны тэрмін.

Тэлеканал BBC, што транслюе шоў, са свайго боку, адмаўляе наўмыснае выкарыстанне згаданага нумара з мэтай нагадвання пра вайну і сцвярджае, што такая асацыяцыя — усяго толькі супадзенне.

Фальклендская вайна 1982 — канфлікт, які адбыўся паміж Вялікабрытаніяй і Аргенцінай з-за тэрытарыяльных спрэчак за Фальклендскія выспы (у Аргенціне іх называюць Мальвінскія), на якія прэтэндавалі абедзве краіны. Вайна скончылася перамогай Вялікабрытаніі, якая працягвае кантраляваць выспы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?