Урад плануе абмеркаваць у пачатку кастрычніка магчымы пераход Беларусі на зімовы час, паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Выпрацоўкай рэкамендацый па парадку вылічэння часу ў Беларусі займаецца Міжгаліновая камісія часу, частаты і вызначэння параметраў вярчэння Зямлі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Мінтранса, Мінэнерга, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых органаў кіравання і ўстаноў. «Камісія накіравала свае прапановы ва ўрад. У пачатку кастрычніка адбудзецца пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, на якім гэта пытанне будзе абмяркоўвацца», - канстатаваў Віктар Назаранка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Дзяржстандарт не бачыць дастаткова падстаў для пераходу краіны на зімовы час. «Тых абгрунтаванняў, якія прадставілі асобныя органы дзяржкіравання на карысць пераводу стрэлак гадзіннікаў, недастаткова. Мы не пераводзілі б час, а захавалі б так, як сёння ў Беларусі ёсць», - адзначыў Віктар Назаранка.

Беларусь адмовілася ад пераходу на сезонны час у 2011 годзе.

Гэта рашэнне было прынята пастановай Савета Міністраў ад 15 верасня 2011 года №1229 з мэтай забеспячэння на тэрыторыі рэспублікі ўзгодненага з дзяржавамі - удзельніцамі Мытнага саюза вылічэння часу, а таксама поўнага выкарыстання светлага часу сутак, паляпшэння ўмоў працы і адпачынку насельніцтва рэспублікі. З 2011 года адмяніла сезонны перавод стрэлак і Расія.

Аднак 1 ліпеня 2014 года Дзярждума Расійскай Федэрацыі прыняла рашэнне вярнуць у краіну зімовы час.

Перавод стрэлак будзе праведзены 26 кастрычніка 2014 года. На расійскай тэрыторыі ўстанаўліваецца 11 часавых зон. Маскоўскі час будзе з'яўляцца зыходным пры вылічэнні мясцовага часу ў гэтых зонах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?