Беларуская дэлегацыя 29 верасня — 1 кастрычніка знаходзілася з візітам у Бруселі для ўдзелу ў трэцім раўндзе кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, узначальвала дэлегацыю намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына. 

У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і транспарту. Дэлегацыю ЕС, якая складалася з экспертаў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) і Еўрапейскай камісіі, узначаліў дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ ЕСВД Гунар Віганд. 

«Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферах транспарту і лагістыкі, энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя, — адзначаецца ў паведамленні. — Былі разгледжаны пытанні кіравання воднымі рэсурсамі, утылізацыі адходаў, захавання біялагічнай разнастайнасці, паляпшэння радыёлагічнага кантролю, развіцця энергетычнай і транспартнай сістэм Беларусі, выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, далучэння Беларусі да тэматычных механізмаў і праграм ЕС». 

Галоўнай мэтай кансультацый па мадэрнізацыі з'яўляецца «вызначэнне лепшай будучай формы ўзаемадзеяння паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскім саюзам». 

У рамках візіту ў Брусель адбыліся таксама сустрэчы Купчыной з еўракамісарам па пашырэнні і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфанам Фюле, намеснікам генеральнага сакратара ЕСВД Хельгай Шмід і некаторымі дэпутатамі Еўрапейскага парламента, падчас якіх былі абмеркаваны пытанні развіцця адносін паміж Беларуссю і ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?