Выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу — галоўная прычына глабальнага пацяплення — у 2014 годзе працягнуць расці, дасягнуўшы новага рэкорду ў 40 мільярдаў тон.

«Квота», якая засталася чалавецтву на выкіды CO2, можа быць вычарпана на працягу ўжо аднаго пакалення. Гэтыя дадзеныя былі апублікаваныя навукоўцамі — удзельнікамі Глабальнага праекта па вугляродзе (Global Carbon Project) — у некалькіх навуковых часопісах.

У апошнім варыянце Глабальнага вугляроднага бюджэту (Global Carbon Budget) паказваецца, што для ўтрымання павышэння сярэдняй тэмпературы кліматычнай сістэмы Зямлі ў межах 2 градусаў па Цэльсіі (з верагоднасцю ў 66%) мяжа ўсіх будучых выкідаў CO2 павінна складаць 1200 млрд тон.

Пры цяперашнім узроўні выкідаў гэтая квота будзе вычарпаная цягам ужо 30 гадоў (дзве траціны яе людзі ўжо выкарысталі). Каб пазбегнуць гэтага сцэнара, больш за 50% даступных чалавецтву запасаў выкапнёвага паліва трэба будзе пакінуць некранутымі — альбо укараніць, у масавым маштабе, новыя тэхналогіі назапашвання CO2 пад зямлёй.

У 2014 годзе выкіды вуглякіслага газу (ад спальвання выкапнёвых відаў паліва) вырастуць на 2,5% ў параўнанні з 2013 годам, і на 65 — з 1990-м годам (пунктам адліку для Кіёцкага пратакола). Больш за ўсё CO2 выкідваюць Кітай, ЗША, Еўрасаюз і Індыя (58%ад глабальнай эмісіі). Сярод іх толькі Еўрасаюз скараціў выкіды ў 2013 годзе (на 1,8%), пры тым, што да траціны ад сваіх аб'ёмаў ён экспартуе ў Кітай і іншыя краіны, за кошт імпарту тавараў і паслуг.

Асноўнай крыніцай выкідаў CO2 застаецца спальванне выкапнёвага паліва, а таксама вытворчасць цэменту і высяканне лясоў.

Усе гэтыя дадзеныя былі апублікаваныя напярэдадні Саміту па клімаце, які пройдзе пад эгідай ААН у Нью-Ёрку 23 верасня. Чакаецца, што на гэтым мерапрыемстве сусветныя лідары абмяркуюць магчымыя меры па барацьбе з выкідамі CO2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?