Для вядзення інфармацыйнай вайны расійскія ўлады падключылі велізарныя рэсурсы. Толькі за гэты год дзясяткі аўтараў выдалі свае псеўдагістарычныя і псеўдапаліталагічныя працы, што апісваюць жахі «бандэраўшчыны» і сцвярджаюць, што Украіна заблукала і без Расіі ёй — нікуды.

У дадатак да новых кніг перавыдаюцца і старыя, тэма якіх перасякаецца з гісторыяй Украіны ці Крыма.

Напрыклад, выдавецтва «Эксмо» распачало серыю «Крым», у якой перавыдала «Севастопальскія расказы» Талстога, «Падзеі ў Севастопалі» Купрына, «Бег» Булгакава. Усе кнігі выходзяць у новай патрыятычнай вокладцы з Андрэеўскім сцягам і Святым Юр’ем на гербе.

Аднак некаторыя кнігі напаткаў яшчэ больш сумны лёс. Надзвычай цікавая і кніга Джона Армстранга «Истоки самостийного нацизма. К чему пришла Украина в ХХІ веке» выдавецтва «Цэнтрпаліграф». На вокладцы змешчаныя два фотаздымкі: украінскага трызубца на фоне гітлераўскіх свастык уверсе і здымак двух жаўнераў, якія кудысьці валакуць бяззбройнага чалавека ўнізе.

Загаловак і афармленне вокладкі нясуць вельмі моцны антыўкраінскі пасыл. Аднак не ўсё так проста. Бо пад вокладкай знаходзіцца кніга амерыканскага ўкраіназнаўцы і заслужанага прафесара ўніверсітэта Вісконсін-Мэдысан Джона Аляксандра Армстранга — вядомага даследчыка нацыянальных рухаў ва Усходняй Еўропе.

Арыгінальная назва кнігі — Ukrainian Nationalism 1939–1945 (даслоўна «Украінскі нацыяналізм у 1939—1945 гг.»).

Кніга была ўпершыню выдадзеная ў 1955 годзе і перажыла тры выданні. Кнігу Джона Армстранга варта прачытаць зацікаўленым у дадзенай тэматыцы, яе хваляць за багаты палявы матэрыял: Армстранг свабодна валодаў украінскаю і расійскай мовамі і атрымліваў інфармацыю ад непасрэдных удзельнікаў і відавочцаў падзей.

Цікава, што «Цэнтрпаліграф» ужо выдаваў кнігу Армстранга пад назвай «Украинский национализм. Факты и исследования».

Але «нацыяналізм» цягам шасці гадоў ператварыўся ў «самостийный нацизм».

Застаецца толькі здагадвацца, што дадалі ці прыбралі з самога тэксту кнігі выдаўцы, якія так мэтанакіравана сказілі назву і вокладку даследавання. На жаль, сам Армстранг памёр у 2010 годзе і ўжо не даведаецца, пад якім загалоўкам яго праца сустрэла чарговае перавыданне. 

Мы патэлефанавалі ў выдавецтва і запыталіся, чаму яны так змянілі назву? І ці ўзгоднена гэта з нашчадкамі гісторыка? Пасля доўгага прамаруджвання нам адказалі, што супрацоўнік, адказны за выхад дадзенай кнігі, больш у выдавецтве не працуе, а больш ніхто інфармацыю даць не можа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?