У Беларусі 17 верасьня прынята лічыць паўафіцыйным «Днём узьяднаньня».

Па іроніі, насамрэч няма іншай даты беларускай гісторыі, якая б пакідала такое дваякае, такое «падзеленае» пачуцьцё, як гэты самы «Дзень узьяднаньня».

З аднаго боку, лічыцца, што ўзьяднаньне Беларусі ў рамках адной адміністрацыйнай адзінкі - гэта добра. Няма розьніцы, пад якім акупантам быць, але важна, што амаль уся беларуская супольнасьць нарэшце апынулася ў рамках адных дзяржаўных межаў.

Скончылася польская акупацыя заходняй часткі Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе беларусы сутыкаліся з жорсткай дыскрымінацыяй.

Да 1939 году былі зачыненыя ўсе беларускія школы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зь легальнага поля польскімі ўладамі выціснутыя ўсе беларускія палітычныя арганізацыі. Многія беларускія дзеячы сядзелі за кратамі за сваю палітычную дзейнасьць.

Між тым, ніякага вызваленьня, ніякай палёгкі, далучэньне Заходняй Беларусі да марыянэткавай БССР у складзе таталітарнай савецкай імпэрыі не прынесла.

Разам з узьяднаньнем на Заходнюю Беларусь прыйшоў чырвоны тэрор, калектывізацыя, масавыя рэпрэсіі і русіфікацыя.

Нічога гэтага не было ў «панскай Польшчы», дзе, між іншым, адкрытыя беларускія незалежнікі нават абіраліся ў Сойм.

Згубіўшы галаву, па валасах ня плачуць:

расстраляным у Курапатах, сасланым у Сыбір і Казахстан беларусам напэўна ж было б лепей жыць пры тройчы праклятай «Другой Рэчы Паспалітай», чым загінуць у савецкім канцэнтрацыйным лягеры.

І нават нацыянальная заходнебеларуская інтэлігенцыя лепей бы жыла ў падзеленай Беларусі, чым гінула ва «ўзьяднанай».

Чаго не шкада ў дадзенай сытуацыі, дык гэта польскую дзяржаву і пакрыўджаны польскі нацыянальны гонар.

У пэўным сэнсе Польшча атрымала расплату за ўласны «Пакт Молатава-Рыбэнтропа» з Савецкім Зьвязам - Рыскую мірную дамову 1921 года, якая і ўсталявала раскол Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю.

Польская дзяржава не захацела тады прызнаваць Беларусь і лічыцца зь яе інтарэсамі? Польшча адмовілася прызнаваць паўнамоцтвы дэлегацыі БССР на перамовах у Рызе, а дэлегацыя ад БНР нават не была запрошаная да дыялёгу?

У такім выпадку не выпадае абурацца з таго, што з польскімі інтарэсамі ў нейкі момант гэтаксама не палічыліся.

Дык якую ацэнку мы можам даць падзеям 17 верасьня 1939 году? Лепш бы Заходняя Беларусь была вызваленая брытанцамі ці амэрыканцамі, а не саветамі. А яшчэ лепей - вызвалілася б сама.

А склалося так, што

індывідуальнаму чалавеку ўзьяднаньне прынесла адно ліха замест іншага, прычым ліха часта яшчэ большае, чым была польская акупацыя.

Злачынства на злачынства. Забойства на забойства. У 1921 годзе злачынства зьдзейсьнілі палякі, у 1939 удвая болей злачынстваў зьдзейсьнілі нацысты і СССР. Пладзілі і пладзілі зло на няшчаснай беларускай зямлі ў той чорны час яе гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?