Міністр абароны Украіны Валерый Гелятэй заявіў, што краіны НАТА пачалі працэс перадачы зброі Кіеву. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «5 каналу».
«Я таксама меў дачыненні [на саміце] у закрытым фармаце з міністрамі абароны вядучых краін свету, тых, якія могуць нам дапамагчы, і яны пачулі, у нас ідзе працэс перадачы зброі, які спыніць Пуціна… Гэта менавіта той шлях, якім трэба ісці», — паведаміў міністр.
7 верасня дарадца прэзідэнта Украіны, лідар партыі Блок Пятра Парашэнкі Юрый Луцэнка паведаміў, што на саміце NATO 4—5 верасня былі дасягнутыя дамоўленасці аб заходніх ваенных дарадцах і пастаўках сучаснай зброі з ЗША, Францыі, Італіі, Польшчы, Нарвегіі. Пасля прадстаўнікі абаронных ведамстваў ЗША, Польшчы, Нарвегіі і Італіі зняпраўдзілі інфармацыю аб запланаваных пастаўках узбраенняў Украіне.
Тады 9 верасня Юрый Луцэнка заявіў, што не ўсведамляў спецыфічнасці пытання гандлю летальнай зброяй з краінамі-чальцамі NATO і цяпер прапануе ўспрымаць такое ўзбраенне ва Украіне як набытае ў Ваенторгу.
Гэта адсылка да знакамітых словаў Пуціна аб тым, што «зялёныя чалавечкі» ў Крыме, магчыма, набылі расійскую ўніформу ў крамах.