Падпісанне дагавора аб адмене візавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларуссю адбудзецца ў Мінску 19 верасня, паведаміў сёння ў Віцебску Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.

Пасол Ізраіля прымае ўдзел у мерапрыемствах міжнароднай адукацыйна-культурна-забаўляльнай канферэнцыі «Арт-Лімуд Беларусь».

Каменціруючы гэту навіну, пасол адзначыў, што знакавая падзея для грамадзян дзвюх краін адбудзецца ў памяшканні Міністэрства замежных спраў Беларусі. Подпісы пад дакументам паставяць міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і міністр абсорбцыі Ізраіля, сустаршыня ізраільска-беларускай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве Софа Ландвер.

«Пагадненне аб адмене візавага рэжыму зроблена па той жа схеме, па якой Ізраіль адмяніў візы з Расіяй і Украінай. Грамадзяне нашых краін змогуць на працягу 180 дзён, гэта значыць паўгода, знаходзіцца на тэрыторыі адпаведна Ізраіля ці Беларусі без афармлення візы», — сказаў Іосіф Шагал, падкрэсліўшы, што гэта норма распаўсюджваецца на радавых грамадзян і не датычыцца ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

Пасол Ізраіля звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што з моманту падпісання дагавора да ўступлення яго ў сілу неабходны некаторы час для праходжання тэхнічных працэдур. Пра дзень уступлення ў сілу дагавора будзе паведамлена дадаткова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?