ЗША разлічваюць на працяг двухбаковага дыялогу з Беларуссю, заявіла памочнік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Пэйдж Аляксандэр.
«У ходзе сустрэч у Мінску мы яшчэ раз падкрэслілі даўно выказаную ЗША заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, выкананне якіх неабходнае для працвітання гэтай краіны», — сказала яна 10 верасня журналістам у Мінску па выніках візіту міжведамаснай дэлегацыі ўрада ЗША.
У сваю чаргу намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа адзначыў, што мэтай візіту з'яўляецца вывучэнне магчымасцей для пашырэння ўзаемадзеяння з бларускімі афіцыйнымі коламі і грамадзянскай супольнасцю.
Пры гэтым ён падкрэсліў: «Нашы адносіны з Беларуссю не змяніліся ў выніку гэтага візіту. Далейшыя адносіны паміж краінамі залежаць ад паляпшэння сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі».
Меліа адзначыў, што ЗША выступалі і выступаюць за развіццё суверэннай, стабільнай і квітнеючай Беларусі.





