Супрацоўнікі Брэсцкай мытні 9 верасня спынілі дзве спробы незаконнага ўвозу аўтамабіляў на тэрыторыю Мытнага саюза.
Як паведамілі ў прэс-групе мытні, у пункце мытнага афармлення «Тамашоўка» 43-гадовы грамадзянін Малдовы прад'явіў мытную дэкларацыю і тэхнічны пашпарт на мікрааўтобус «Фальксваген-Транспарцёр» 1998 года выпуску. Пры правядзенні аперацый мытнага кантролю ўстаноўлена, што рэгістрацыйныя знакі на транспартным сродку і пасведчанне аб рэгістрацыі не адпавядаюць ідэнтыфікацыйнаму VIN-нумару на кузаве «Фальксвагена».
Аналагічная неадпаведнасць у дакументах выяўлена ў аўтамабілі «Сеат-Таледа» 1995 года выпуску, які спрабаваў увезці 49-гадовы грамадзянін Казахстана цераз пункт мытнага фармлення «Варшаўскі мост».
Абодва транспартныя сродкі канфіскаваныя да рашэння суда. У дачыненні да іх гаспадароў мытняй распачатыя адміністрацыйныя працэсы.
Згодна з папярэдняй ацэнкай, агульны кошт аўтамабіляў склаў звыш 130 млн рублёў.
З пачатку гэтага года Брэсцкай мытняй у сувязі з парушэннем заканадаўства канфіскавана 155 аўтамабіляў на суму больш за 25 млрд рублёў.





