Партыя БНФ сутыкаецца з масавымі адмовамі ў арэндзе памяшкання для правядзення чарговага XVI з'езда арганізацыі, які прызначаны на 13 верасня.
Як паведамляе прэс-служба партыі, у арэндзе з-за розных прычын адмовілі ўжо прыкладна 20 палацаў культуры і канферэнц-залаў у Мінску. Адмовіўся выдзеліць памяшканне і Палац культуры Мінскага трактарнага завода, дзе апошнімі гадамі праходзіла некалькі партыйных з'ездаў.
9 верасня Партыя БНФ атрымала адмову ў арэндзе памяшкання ў Рэспубліканскім палацы культуры імя Шарко ў Мінску, хаця паводле запатрабавання адміністрацыі былі атрыманыя паперы з Мінгарвыканкама аб адсутнасці пярэчанняў наконт правядзення мерапрыемства.
У Партыі БНФ адзначаюць, што правядзенне з'езда знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Управа партыі тэрмінова шукае альтэрнатыўную пляцоўку для правядзення мерапрыемства, для ўдзелу ў якім вылучана прыблізна 200 дэлегатаў.
«Ніколі пры падрыхтоўцы з'ездаў Партыі БНФ мы не сутыкаліся з такімі масавымі адмовамі ў арэндзе памяшкання, — адзначыў лідар партыі Аляксей Янукевіч. — Не выключаю, што гэтыя перашкоды ствараюцца таму, што на пасяджэнні плануецца вызначыць пазіцыі партыі адносна будучых прэзідэнцкіх выбараў».





