Беларусь увяла забарону на ўвоз свініны і іншай прадукцыі з Эстоніі, паведамляе дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, выпадак захворвання афрыканскай чумой свіней (АЧС) зарэгістраваны на тэрыторыі павета Валгамаа Эстоніі.
З 10 верасня ўведзена забарона на ўвоз з Эстоніі жывых свіней, свініны (у тым ліку дзікоў) і прадуктаў яе перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў і кармавых дабавак для жывёл расліннага і жывёльнага паходжання, у тым ліку з рыбы і птушкі, кармавых дабавак для катоў і сабак, а таксама гатовых кармоў для іх, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку і вырабленыя з сыравіны з Эстоніі.
Абмежаванне таксама распаўсюджваецца на пастаўкі ўжыванага абсталявання для ўтрымання, зарэзу і разроблівання свіней.
Дэпартамент пастанавіў узмацніць кантроль для недапушчэння ўвозу ў ручной паклажы, багажы і паштовых адпраўленнях для асабістага карыстання фізічнымі асобамі мяса свіней, у тым ліку дзіка, і прадуктаў яго перапрацоўкі, а таксама ўсіх прадуктаў, пералічаных вышэй.
«Адначасова неабходна прыняць дадатковыя меры кантролю па забеспячэнні біялагічнай абароны буйных свінагадоўчых комплексаў, свінагадоўчых ферм і гаспадарак усіх формаў уласнасці», — адзначылі ў дэпартаменце.





