На праспекце Пераможцаў у Мінску, сустрэліся два прыяцелі: лысы і сівы.

Лысы: Алег, ты?!

Сівы: Я! Віталік?

Лысы: Ён! Вось і пабачыліся. Не спадзяваўся, далібог не спадзяваўся!

Сівы: І я. Дык давай, братка, абдымемся: двадцаць гадоў мінула, як развіталіся.

Лысы: Двадцаць пяць.

Абдымаюцца.

Сівы: Але ты стаў здаравяк. А калісь шкілетам за вочы называлі.

Лысы: І ты, гляджу, не з галоднага краю прыбыў.

Сівы: Не, не з галоднага: часцяком думаеш, як не з’есці, чым наадварот. Ну, а як гэткі слаўны плех займеў?

Лысы: Ха­ха… А на сябе ў люстэрка даўно глядзеў?

Сівы: Што люстэрка, надысь у метро дзяўчына месца саступіла. Сядай, кажа, дзядуля, а то ножкі стаяць забаляць.

Лысы: І мяне даўно дзяўчаты ва ўтыль спісалі, я на іх нават увагі не звяртаю, каб не засмучацца дарэмна. Ну, дзе ты цяпер? З чаго жывеш? Ты ж пасля ўніверсітэта без следу прапаў.

Сівы: Я ж у Амерыку адразу падаўся, там і жыву. У горадзе Сэнт­Пол, штат Мінесота. Дом, жонка, дзеці, сабака. Увогуле, стоадсоткавы янкі.

Лысы: А працуеш дзе — у газеце ці мо на тэлебачанні?

Сівы: Не, на будоўлі, муляр я.

Лысы: Хто? Муляр?

Сівы: Муляр, і, ведаеш, да таго напрактыкаваўся, што з заплюшчанымі вачыма быў сценку вымуроўваў. Ды вось якая гісторыя здарылася: з рыштаванняў упаў, чатыры рабры паламаў, нагу, руку выкруціў. Год па шпіталях, потым страхоўку выплацілі. Цяпер мільянер. Вось па свеце езджу, у Парыжы быў, у Рыме. Ну і пра родную старонку не забыўся. Пацягнула на вёску маленства зірнуць. Я ж з Мядзельшчыны, з Ліпнішак.

Лысы: І што, змянілася вёска?

Сівы: Ага, плот новы вакол могілак паставілі, а больш нічога. А ты?

Лысы: А што я, як і быў — тут усё.

Сівы: Працуеш?

Лысы: Вядома.

Сівы: І дзе, калі не сакрэт?

Лысы: Які там сакрэт — у сферы, так бы мовіць, жывёлагадоўлі асталяваўся.

Сівы: Ды ну цябе! Фермер?

Лысы: Не, на гаспадара завіхаюся.

Сівы: А што гадуеце?

Лысы: Рознае: трусоў, бараноў, казлоў, таксама аслоў.

Сівы: Аслоў?!

Лысы: Ага, і мулаў.

Сівы: А іх навошта?

Лысы: За цягавітасць і пакорлівасць.

Сівы: І добра зарабляеш?

Лысы: Грэх скардзіцца: катэдж пад Мінскам маю, джып «БМВ». Сына ў Англіі вучу, дачку. У Нямеччыне. Яшчэ палюбоўніцу завёў, бо якая ўжо з жонкі каханка… Цяпер во якраз ад яе. Марусяй клічу, як нашую выкладчыцу мовы. Памятаеш?

Сівы: Дзіва што! На Беларусі ўсе Марусі. Дык ты бос?

Лысы: Дзе там, просты клерк.

Сівы: Ого! Якая ж у вас, у такім выпадку, гаспадарка?

Лысы: Ды немалая, агулам некалькі мільёнаў галоў набярэцца, але дакладна невядома.

Сівы: Як гэта: хіба вы іх на Палессі, на балотах трымаеце, што няможна падлічыць?

Лысы: Не, тут, хоць і на Палессі, вядома, ёсць. Во глядзі (паказвае рукой на мінакоў на праспекце) — яны. Але некаторым усё нешта трэба, усё мала; увесь час гойсаюць туды­сюды, шастаюць, як злодзеі, лётаюць, быццам ім маторчык у адно месца ўставілі…

Сівы: Чакай­чакай, нешта я не дапетру: гэта ты пра што?

Лысы: Ну, ведаеш, зусім ты ў гэтай Амерыцы кемнасць згубіў (глядзіць на ручны гадзіннік). Ага, якраз трэцяя. Вунь на рагу «Гарызонт», падыдзем.

Ідуць да крамы, за вітрынай якой тузін уключаных тэлевізараў і ў кожным — Лысы.

Лысы (па тэлевізары): Со следуюшчего года работаем как в Фінляндіі. Такую задачу поставіл презідент во время посещенія Республіканского лесного селекціонно­семенноводческого центра. В частності он сказал…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0