Гучнае даследаванне, прысвечанае Аршанскай бітве, выйшла ў 2011 у Расіі. Гісторык Аляксей Лобін у кнізе «Битва под Оршей 8 сентября 1514 года» даводзіць, што беларускі погляд на яе руйнуе «брацтва славянскіх народаў».

«Звяртае на сябе ўвагу тое, што Лобін пачынае сваю навуковую кнігу з палітызаванага сюжэту: сімвалічнай прысягі беларускіх вайскоўцаў на Плошчы Незалежнасці 8 верасня 1992, — кажа гісторык Алег Дзярновіч. — Прычым называе акцыю афіцыйнай падзеяй, тады як прысягу арганізаваў Беларускі Народны Фронт, апазіцыйны і на той час. І далей аўтар ідзе «ад негатыву», даводзячы, што пазіцыя беларускіх гісторыкаў руйнуе брацтва славянскіх народаў»

Адначасова робяцца спробы прыменшыць значэнне бітвы. Лобін даводзіць, што ў той час Масква не магла сабраць 80-тысячнае войска. «Так, нерэальная лічба, — згаджаецца Дзярновіч. — Статыстыка з’явілася ў XVIІ ст., у часы Аршанскай бітвы яе замяняла вобразная ацэнка. Лічба 80 тысяч у ягелонскіх дакументах мусіла даць яснае ўяўленне, што на Крапіўне разбітае вялізнае войска. Колькі было маскоўцаў? Можа 40 тысяч, як пішуць польскія гісторыкі, можа, 35.

Але і сам Лобін прызнае, што многія перамогі ВКЛ забяспечваліся меншым войскам і лепшым камандваннем. Да таго ж, войска было разнастайнае: пяхота, кавалерыя цяжкая і лёгкая, палявая артылерыя, татары… Астрожскі выйграў бітву, здолеўшы скаардынаваць іх дзеянні».

Адразу пасля бітвы, проста з-пад Барысава, дзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся чакаць вынікаў, была разгорнутая кампанія інфармацыйных лістоў. У Рым, да Габсбургаў, у Прусію пасылалі і «рэчавыя доказы»: палонных маскавітаў.

«Масква перад вайной рыхтавала супраць Польшчы і ВКЛ кааліцыю з Нямецкім ордэнам і Святой Рымскай імперыяй, — тлумачыць гісторык. — Імператары Габсбургі мелі прэтэнзіі на Чэхію і Вугоршчыну, дзе каралявалі Ягелоны, Прусія — на польскае Памор’е з Гданьскам, а маскоўскі князь — на беларускія землі. Лобін смяецца: маўляў, уся беларуская гістарыяграфія піша, што Аршанская бітва разваліла тую кааліцыю, а яна і не паспела ўтварыцца. Падобна, што ён не цалкам ведае беларускую гістарыяграфію: у прыватнасці, мой артыкул пра абставіны развалу кааліцыі друкаваўся ў 6-тамовай «Гісторыі Беларусі» (2008). Прапагандысцкай кампаніяй Ягелоны хацелі запабегчы стварэнню новых саюзаў супраць сябе», — кажа Алег Дзярновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?