Насцярожаная школа

Звесткі пра славутых землякоў у гарадах звычайна збіраюць і захоўваюць у краязнаўчых музеях. У вёсках гэтая місія ўскладзеная на школы.

Сярэдняя школа ў аграгарадку Лядна Слуцкага раёна — дагледжаны двухпавярховік. Да пачатку навучальнага года яшчэ паўмесяца, але да прыходу вучняў ужо ўсё падрыхтавана.

Калісьці, 40 гадоў таму, гэтую школу заканчваў сын мясцовых настаўнікаў Мікола Статкевіч. «Статкевіч-Статкевіч… Нешта знаёмае, — спрабуюць узгадаць настаўніцы. — Гэта каторы з БНФ?»

Статкевіч ніколі не быў у Беларускім Народным Фронце, але матэрыялаў пра яго ў школе на ўсялякі выпадак не захоўваюць. «Гэта вельмі палітызаваная справа, — апраўдваецца дырэктарка. — Калі б ён быў навукоўцам, акадэмікам, гэта было б зусім іншае пытанне». На стэндзе «Славутыя землякі» Статкевіча шукаць пакуль няварта.

«А што, ён кагосьці зноў збірае?» — удакладняе яна.

«Дык Статкевіч жа ў турме сядзіць», — нагадваю дырэктарцы.

«Няўжо ўсё яшчэ?» — здзіўляецца яна.

З інфармацыйнай прасторы дзяржаўных СМІ кандыдат у прэзідэнты знік адразу пасля выбараў. Пра ягоны чацвёрты год за кратамі многія землякі нават не здагадваюцца.

Пра палітыку ў Лядне размаўляць не любяць. Затое захоўваюць нацыянальны дух.

Гістарычныя Нясвіжчына і Случчына — адзін з трох аазісаў беларушчыны на карце краіны. Падчас папярэдняга перапісу насельніцтва да 50% гараджан і да 80—90% вяскоўцаў у рэгіёне казалі, што размаўляюць дома па-беларуску.

Дый ляднаўская школа ад дня свайго заснавання цалкам беларускамоўная.

Брат-дырэктар

Дырэктарка раіць паразмаўляць з былой настаўніцай Соф’яй Сцяпурай, якая сябравала з бацькамі Міколы.

Соф’я Сцяпура была класнай кіраўніцай у Аляксандра Статкевіча, старэйшага брата палітыка. Цяпер ён жыве ў Львове. Ажаніўся з дачкой дырэктара тамтэйшай лакафарбавай фабрыкі, а з цягам часу і сам стаў дырэктарам.

«Вельмі спакойныя хлопцы былі, абодва вучыліся добра. Вялікіх кампаній не ведалі, самі па сабе жылі», — расказвае Соф’я Аляксандраўна пра братоў.

Хату ў Лядне, у якой жылі Статкевічы, бацька Віктар Паўлавіч ставіў сваімі рукамі.

«Ніхто ў яго палец не паклаў на гэтую хату! Сам усё рабіў», — узгадвае Соф’я Аляксандраўна.

Пасля пераезду сям’і ў Баранавічы хату давялося прадаць. З цягам часу яна перайшла да наступнага гаспадара.

Лядна — не малая вёска. З дзясятак вуліц на ёй нібы нанізаныя на шашу, якая вядзе з Івацэвічаў праз Слуцк і Бабруйск аж да мяжы з Расіяй. Знайсці сярод сотняў дамоў былую хату Стакевічаў няпроста.

Дапамагае трактарыст: «Шукаеце, дзе Мікола жыў, кандыдат? Вось тут, праз дарогу».

На выбарах трактарыст галасаваў за Статкевіча. «Канечне, за яго. Ён жа зямляк!» Пра такі самы выбар кажуць і многія іншыя вяскоўцы. Хоць хапае і тых, хто падтрымліваў Лукашэнку.

«Коля — мужык»

Былая хата Статкевічаў.

Былая хата Статкевічаў.

У двары былой хаты Статкевічаў пад сонцам спіць сабака. На госця ён не рэагуе ніяк. Нарэшце ў дзвярах з’яўляецца падцягнуты мужчына. «Адпачываў пасля начной змены», — тлумачыць ён, пазяхаючы.

Пра славутага былога жыхара дома новы гаспадар, Вячаслаў Гардзіевіч, добра ведае, хоць і не быў знаёмы з ім асабіста. «Я нашмат старэйшы», — прызнаецца новы гаспадар. З выгляду і не скажаш, што яму пераваліла за 70.

«Перад выбарамі прыязджалі з абласнога тэлебачання, здымалі перадачу пра Статкевіча. Я нешта нават казаў у камеру. Назвалі час, калі будуць паказваць. Але ў апошні момант праграму ў эфір не пусцілі», — узгадвае ён. Па тэлевізары ў той час круцілі толькі «Жалезам па шкле».

Вячаслаў Казіміравіч земляка на прэзідэнцкіх выбарах не падтрымліваў, бо на ўчастак не хадзіў. Ён кажа, што выпісвае толькі «Советскую Белоруссію», і шчыра прызнаецца, што ўсю інфармацыю ўспрымае праз люстэрка дзяржаўнай прапаганды.

«А навошта яны шкло білі і дзверы ламалі?» — паўтарае ён.

«Што, сам Статкевіч і біў, што яму шэсць гадоў далі?» — перапытваў у яго.

«Гэта замнога», — згаджаецца гаспадар.

Але паўгадзінная размова пра будучыню Беларусі і перспектывы яе развіцця так і не прыходзіць да агульнага назоўніка.

Як паставіліся ў Лядне да жорсткага прысуду Статкевічу? «Гаварылі, што, каб выбралі Міколу, па-іншаму было б. І шкадавалі яго, і спачувалі… Але дапамагчы ж яму ніхто не можа», — разводзіць рукамі Соф’я Сцяпура. «Коля — сапраўдны мужык. Калі сціснуў зубы, то ўсё вытрымае», — перакананы сусед.

***

Шляхціч Статкевіч

Герб праваслаўнага роду Статкевічаў «Касцеша» вядомы з XV стагоддзя. Паводле легенды, мужнасць рыцара Касцешы ў 1072 годзе адзначыў польскі кароль Баляслаў I Храбры. Воін змагаўся ў глыбіні варожага стану, не зважаючы на зламаны меч, шматлікія крывавыя раны на целе і расшчэпленую на дзве часткі стралу, што засела ў плячы. Калі закончылася бітва і войска пачало збіраць здабычу, тады і з’явіўся перад каралём Касцеша. Ён зняў баявы шлем і, паказваючы на сваё зраненае цела, сказаў: «Гэта і ёсць мая здабыча!» На памяць пра такую адвагу кароль дазволіў рыцару змясціць на свой герб перакрыжаваныя стралу і меч.

Статкевічы былі знаным родам у Вялікім Княстве Літоўскім. На іх грошы пабудаваныя праваслаўныя Свята-Петрапаўлаўская царква ў Мінску, Куцеінская лаўра ў Оршы.

* * *

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч: У мяне ёсць адчуванне шчаслівага лёсу

Бацька Статкевіча: Дык кагэбіст працягвае руку і кажа: «Віншую»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?