Уладальнік дачнага ўчастка ў Віцебскім раёне аформіў верхнюю частку дома ў выглядзе галавы сфінкса.

На ўездзе ў садоўніцкае таварыства «Будаўнік» відаць незвычайны будынак амаль 8-метровай вышыні. Над яго ўзвядзеннем аўтар і выканаўца гэтай ідэі Руслан Кушчын працаваў два гады.

Ён працуе плітачнікам на віцебскім будаўнічым прадпрыемстве. З юнацкіх гадоў захапляецца архітэктурай, і гэтае хобі знайшло прымяненне ў побыце — дачны ўчастак паступова відазмяняецца.

«Ідэя збудаваць галаву сфінкса прыйшла невыпадкова. Хацелася падарыць жонцы адно з 7 цудаў свету. Паколькі я Леў паводле гараскопу, а ў сфінкса — цела льва, то вырашыў, што трэба «пасяліць» яго на дачы», — сказаў Руслан Кушчын.

Галава сфінкса — дачная славутасць, якая дзівіць аматараў экзотыкі. Яна займае два паверхі і паддашкавае памяшканне (тут знаходзіцца майстэрня, вокны якой з'яўляюцца вачыма сфінкса і ў цёмны час падсвятляюцца).

Па прызнанні Руслана Кушчына, ён узводзіў будынак без якога-небудзь праекта. Будаваў з натуральных матэрыялаў — гліны, пяску, саломы. Затым пакрыў цэментавым растворам, а для стварэння рэльефных дэталяў выкарыстаў пенапласт. Нягледзячы на тое, што ўсе матэрыялы лёгкія, будынак вытрымлівае любую непагадзь.

Гаспадар дачы мае намер аформіць гаспадарчыя пабудовы, якія стаяць перад домам, у выглядзе лап міфічнай істоты, каб падтрымаць агульную канцэпцыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?