Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да ўкраінскага народу.

«Сёння ў Луганску і Марыупалі адбылася жудасная трагедыя. Загінулі нашы ваенныя і памежнікі. Я схіляю галаву перад героямі, якія загінулі падчас баявога задання па аднаўленні дзяржаўнай мяжы Украіны. І адначасова я ганаруся украінскімі вайскоўцамі, памежнікамі, спецназаўцамі і дэсантнікамі, якія рашуча працягваюць змагацца за мір на нашай зямлі», - гаворыцца ў звароце.

«Украіна сёння смуткуе па загінулых героях. Я атрымаў шматлікія тэлефанаванні ад лідараў дэмакратычных краін свету, якія выказваюць нам свае шчырыя спачуванні. Мы зробім усё магчымае, каб вінаватыя ў гібелі вайскоўцаў былі знойдзены, каб тэрарысты атрымалі адэкватны адказ і былі пакараныя», - адзначыў прэзідэнт Украіны.

Пётр Парашэнка адзначыў, што сёння ўкраінская армія ўпершыню перайшла ў контрнаступ.

«Нашы вайскоўцы пачалі адціскаць тэрарыстаў. Я паставіў Узброеным Сілам Украіны першачарговую задачу — узяць пад кантроль дзяржаўную мяжу Украіны, праз якую тэрарысты атрымліваюць зброю, тэхніку, падмацаванне, грошы.

Толькі на працягу апошніх чатырох дзён у рамках спецаперацыі быў усталяваны мір і законны парадак у Марыупалі, узята пад кантроль 248 кіламетраў дзяржаўнай мяжы. У цэлым шэрагу населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей спынена дзейнасць баевікоў-наймітаў, вычышчана ад тэрарыстаў 11 населеных пунктаў. За апошнія суткі пры спробе пранікнуць на тэрыторыю нашай дзяржавы было знішчана 7 аўтамабільных калон з зброяй і боепрыпасамі, знішчана некалькі танкаў, бронетранспарцёраў, рэактыўная сістэма залпавага агню», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?