З 12 чэрвеня па 13 ліпеня ў Бразіліі пройдзе чэмпіянат свету па футболе. Разам са шматмільённай сусветнай тэлеаўдыторыяй убачыць найбуйнейшую спартыўную падзею змогуць і беларускія гледачы. Прамую трансляцыю ўсіх матчаў чэмпіянату будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1», «Беларусь 2» і «Беларусь 5», паведамілі у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. 

12 чэрвеня ў 21.10 канал «Беларусь 2» у прамой трансляцыі пакажа цырымонію ўрачыстага адкрыцця чэмпіянату. На ёй выступяць такія вядомыя музычныя выканаўцы, як Пітбуль, Беёнсэ, Пол Макартні і інш. У мерапрыемстве возьме ўдзел легендарны Пеле. 

У гэты ж дзень у 22.50 на «Беларусь 2» пачнецца матч — адкрыццё чэмпіянату. Гаспадары турніру — пяціразовыя чэмпіёны свету — згуляюць са зборнай Харватыі. Сустрэча будзе паказана ў прамым эфіры. У паўторы гэты паядынак, а таксама цырымонію адкрыцця футбольныя балельшчыкі змогуць убачыць 13 чэрвеня на канале «Беларусь 5». 

«Усе 64 матчы чэмпіянату Белтэлерадыёкампанія пакажа ў прамым эфіры па трох каналах: «Беларусь 1», «Беларусь 2» і «Беларусь 5». Пры гэтым усе матчы — як у прамой трансляцыі, так і ў запісе — пакажа тэлеканал «Беларусь 5», — сказаў кіраўнік спартыўнага канала Павел Булацкі. 

Кожны дзень на працягу «футбольнага месяца» ў эфіры «Беларусь 2» будуць прэзентаваны спецыяльныя выпускі праграмы «Час футбола. Рыа-2014». 

Агляды мінулых матчаў можна будзе ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 5» у ранішні час і вечарам — на канале «Беларусь 2». Пра самыя цікавыя моманты чэмпіянату карэспандэнты Агенцтва тэленавін раскажуць у выпусках навін і сюжэтах праграм «Панарама» і «Галоўны эфір». 

На трансляцыях чэмпіянату свету па футболе будуць працаваць восем каментатараў: Уладзімір Навіцкі, Павел Баранаў, Сяргей Новікаў, Аляксандр Цвячкоўскі, Мікалай Хадасевіч, Аляксандр Дзмітрыеў, Сяргей Мацкевіч і Уладзіслаў Татур. На некаторых матчах плэй-оф турніру каментатары будуць працаваць з месца падзеі. 

Стадыю плэй-оф у прамой трансляцыі ўбачаць гледачы тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 2» (у 19.00 і 23.00). 

Азнаёміцца з раскладам гульняў і трансляцый на тэлеканалах матчаў чэмпіянату свету па футболе-2014 можна на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?