Шэраг гарадоў Данецкай вобласці — Горлаўка (асабліва Калінінскі раён), Краматорск, Дзяржынск, Арцёмаўск, Енакіева — могуць застацца без водазабеспячэння з-за прыпынення працы двух помпавых станцыі ў Славянску, паведамляе Gorlovka.ua.

Сёння падчас абстрэлу былі забітыя двое супрацоўнікаў помпавай станцыі, астатнія адмаўляюцца выходзіць на працу.

«У нас у Славянску дзве помпавыя станцыі, якія забяспечваюць уздым вады для шэрагу гарадоў Данецкай вобласці. Над адной са станцый свішчуць кулі, сёння быў мінамётны абстрэл. Дзяжурны персанал не можа ў такіх умовах працаваць, паколькі ёсць рэальная пагроза жыццю. Гэта стратэгічны аб'ект, але пад кулі ніхто не пойдзе», — распавёў сайту супрацоўнік рэгіянальнага ўпраўлення па эксплуатацыі канала.

Сёння ў Горлаўскім гарсавеце праходзіла экстранная нарада з удзелам супрацоўнікаў мэрыі, КП «Вада Данбаса» і РУЭК, на якім было прынята рашэнне аб забеспячэнні жыхароў Горлаўкі вадой з рэзервовага вадасховішча.

Але асноўная праблема з водазабеспячэннем чакае жыхароў Калінінскага раёна. У Цэнтральна-Гарадскім і Нікітаўскім раёне вада будзе, але ціск знізіцца. Таксама будзе рабіцца падвоз вады па раёнах горада.

Камунальнае прадпрыемства «Кампанія «Вада Данбаса» пацвярджае, што канал «Северскі Данец — Данбас» часова спынены.

«Сёння ў 10.00 у выніку артылерыйскага абстрэлу на тэрыторыі помпавай станцыі I ўздыму канала Северскі Данец-Данбас былі смяротна параненыя два супрацоўнікі КП «Кампанія «Вада Данбаса» і нанесены ўрон будынку помпавай станцыі. З прычыны гэтага ў 10.30 была спыненая праца помпавых агрэгатаў помпавай станцыі I ўздыму, а ў 12.00 — станцыі II ўздыму. Абслугоўваючы персанал не меў магчымасці працаваць падчас абстрэлу», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Данецкай аблдзяржадміністрацыі.

Аднаўленне працы будзе магчыма пасля спынення агню, абследавання абсталявання, магчымасці дастаўкі работнікаў і забеспячэння сувязі.

На перыяд прыпынку канала «Северскі Данец-Данбас» водазабеспячэнне гарадоў і пасёлкаў будзе ажыццяўляцца з рэзервовых вадасховішчаў. У выпадку працяглага прыпынення канала магчымы перавод гарадоў на скарочаны графік падачы вады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?