Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) рэалізуе новы маштабныя праект — «Рэфорум», разлічаны на два гады. Вобразна кажучы, у ім адродзіцца «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі». Мэта праекта — стварэнне канкрэтных прапаноў рэформаў у розных галінах, якія будуць спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускага грамадства.

Аб новым праекце, аб перспектывах еўрапейскай інтэграцыі і трансфармацыі Беларусі разважае член савета праекта, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў.

— Якія варыянты трансфармацыі Беларусі найбольш верагодныя? І ці магчымыя яны наогул?

— Мне здаецца, ва ўлады няма такой гатоўнасцт да мадэрнізацыі, ніякага руху насустрач рэформам не адбываецца.

Праўда, некаторыя зрухі назіраюцца ў дыялогу з Еўрасаюзам. Пасля візітаў у Беларусь дырэктара дэпартамента Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда абвешчана, што беларускі ўрад з Еўрасаюзам рыхтуюць прапановы па мадэрнізацыі асобных сфер: эканомікі, гандлю, інвестыцый.

Але ў цяперашніх умовах немагчыма казаць пра маштабную трансфармацыю краіны, паколькі сітуацыя сёння па-ранейшаму закансерваваная. Робіцца гэта ў разліку на атрыманне дадатковых прэферэнцый з Расіі: за кошт рээкспарту нафтапрадуктаў, зніжэння цэны на газ, пастаўкі традыцыйных відаў беларускай прадукцыі на расійскі рынак — крыніц паступленняў цалкам дастаткова.

— Некаторыя палітолагі лічаць, што ў цяперашніх умовах для Беларусі найбольш падыходзіць варыянт фінляндызацыі краіны, які можа забяспечыць адносную незалежнасць і эканамічнае развіццё …

— Фінляндызацыя — не больш, чым формула, не напоўненая канкрэтным зместам. Ніхто з незалежных экспертаў не валодае магчымасцю прасоўваць свае ідэі, у тым ліку і названую, на ўзровень дзяржаўнай палітыкі. Таму фінляндызацыя ў нашых умовах — толькі апераванне цікавымі канцэпцыямі на ўзроўні схаластыкі, не больш за тое.

— Пасля падпісання дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза еўрапейскія перспектывы Беларусі адсунуліся на задні план. Беларусь узяла курс на пабудову Еўразійскай прасторы, дзе прадугледжана не толькі эканамічнае, але палітычнае і ваеннае супрацоўніцтва. Як ўвязваецца еўразійская інтэграцыя з еўрапейскімі перспектывамі краіны?

— Сама еўразійская інтэграцыя, нягледзячы на бравурныя заявы высокапастаўленых асоб, далёкая ад рэальнага працэсу. Асноўныя супярэчнасці паміж удзельнікамі ЕАЭС не знятыя.

На цяперашнім мінімальным узроўні ўзаемаадносін з Еўрасаюзам ніякая еўразійская інтэграцыя не можа служыць перашкодай для адносін з ЕС. Любое, нават самае нязначнае, дзеянне па развіцці адносін з ЕС, будзе разглядацца як крок наперад.

Безумоўна, беларускі рэжым паспрабуе і далей балансаваць паміж Усходам і Захадам, любыя праблемы на ўсходнім напрамку будуць кампенсавацца нахілам у бок Захаду. Зараз ківач хітнуўся ў бок Еўрасаюза, дыялог з ЕС набірае абароты, нягледзячы на наяўнасць у Беларусі палітвязняў. І адбываецца гэты працэс паралельна з Еўразійскай інтэграцыяй.

Калі раптам у перспектыве паўстане пытанне аб асацыяцыі Беларусі з Еўрасаюзам, тады магчыма з'яўленне супярэчнасцяў з ЕАЭС, перш за ўсё ў палітычным плане. Як гэта адбылося з Украінай, якая мінулай восенню выказала гатоўнасць падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.

— Чаканні, што пасля ўлівання Украіны ў еўрапейскую сям'ю Беларусь атрымае новы імпульс для развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін, відаць, не апраўдаюцца …

— Тое, што адбываецца ва Украіне — толькі пачатак працэсу. Палітычная частка пагаднення аб асацыяцыі падпісаная, але Украіна стаіць на парозе вельмі сур'ёзных рэформаў, якія павінны адбыцца ў адпаведнасці з логікай падпісаных пагадненняў. Паспяховасць-няўдача рэформ, ступень еўрапеізацыі Украіны будзе ўплываць і на Беларусь. Беларуская грамадскасць убачыць, ёсць карысць ці не ад руху ў бок Еўропы.

Пакуль жа Беларусь застаецца апошнім саюзнікам Расіі на Захадзе, што вядзе да працягу спекуляцый статусам «апошняга палітычнага саюзніка Расеі» і атрымання за гэта прэферэнцый. Вось гэта сёння адзіны вынік украінскіх падзей для Беларусі.

***

Андрэй Ягораў. Беларускі палітолаг і метадолаг. Нарадзіўся ў Гродне ў 1979 годзе. З 2005 года — удзельнік метадалагічнай групы «Агенцтва гуманітарных тэхналогій», кіраўнік аналітычнай групы. З 2010 года — дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. Каардынатар першай рабочай экспертнай групы (палітычны дыялог і палітычная рэформа) «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?