«НН»: Яраслаў, што такое «Схватка» і як у яе гуляюць?

Яраслаў Ліхачэўскі: «Схватка» — гэта актыўная гарадская гульня. Людзі прыдумляюць сцэнар, заданні, а потым збіраюцца па выходных і гуляюць. Класічная «Схватка» пачыналася з сімбіёзу віртуальнай і рэальнай прасторы. Каманда атрымлівае заданне ў інтэрнэце і павінна выканаць яго на прасторы горада. Каманды пераходзяць ад задання да задання, а хто хутчэй выканае ўсе — перамагае.

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі». 

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі». 

Нядаўна быў створаны новы фармат гульні — роварны.

Рэч у тым, што у «Схватку» ў Беларусі гуляюць больш за 10 гадоў. Класічная Схватка — гульня аўтамабільная і начная. Прыбраўшы неабходнасць у аўтамабілі мы тым самым павялічылі ролю спартыўнага складніка. Цяпер многа залежыць ад моцы і трываласці ўдзельнікаў. Таксама час гульні змяніўся і яна праходзіць удзень дзеля бяспекі ўдзельнікаў.

Існуе і яшчэ адзін важны момант. У «Схватку» многія гуляюць гадамі, існуюць сталыя каманды. Вось я, напрыклад, ці то 7, ці то 8 гадоў бяру ўдзел у мінскіх гульнях. Каб захаваць цікавасць людзей да гульні, яе даводзіцца пастаянна ўскладняць. І калі прыходзіць новы чалавек, ён не заўсёды можа разабрацца і ўцягнуцца.

Веласіпедная «Схватка» — новая падзея, таму мы робім гульні досыць простымі, дынамічнымі, даступнымі для шырокага кола ўдзельнікаў. Цяпер праходзіць роварны чэмпіянат, у рамках якога ўжо адбылася адна гульня. На чарзе гульня пад назвай «Слава Воршы ўжо ня горша». Яна пройдзе ў суботу 28 чэрвеня.

«НН»: Слава Воршы ўжо ня горша» пазіцыянуецца як першая беларускамоўная гульня. Няўжо да гэтага беларускай мовы ў гульнях не было?

ЯЛ: У нас былі гульні, дзе частка заданняў было па-беларуску. Але цалкам беларускамоўная гульня не ладзілася ніколі. Я не ведаю, ці ўдасца мне ўвесці беларускамоўныя гульні ў звычку. Але тэматыка гульні — Бітва пад Оршай, і я палічыў, што не маю права выкарыстоўваць расійскую мову для яе.

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі».

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі».

У гульні «Слава Воршы ўжо ня горша» ўсе заданні, усе агенты — нашы людзі, з якімі будуць кантактаваць удзельнікі для праходжання квэстаў — будуць размаўляць па-беларуску.

Натуральна, я думаў, як заахвоціць удзельнікаў размаўляць па-беларуску. Думаю, не выдам вялікага сакрэту, калі скажу што да большасці агентаў гульні трэба будзе звяртацца па-беларуску. Да кагосьці і на іншых мовах, але ўмоўны вораг у нашай гульні — Маскоўскае княства, таму на час «Схваткі» расійская мова будзе не ў пашане.

Паводле сцэнара кожны капітан каманды, ліцвінскі шляхціч XVI стагоддзя, атрымлівае ліст ад вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, што на нашыя землі напала маскоўскае войска і захапіла Смаленск, Дуброўну, Крычаў і Мсціслаўль. Таму трэба хутка сабраць паспалітае рушэнне і выступіць насустрач.

У прызначаны час каманды збіраюцца ў пэўным месцы і рушаць да бітвы. На шляху ім давядзецца выканаць заданні з якімі, на наш погляд, прыходзілася сутыкацца шляхцічам тых часоў.

Усё заканчваецца самой бітвай, пасля якой адбудзецца пір са старажытнымі беларускімі стравамі і віншаванне пераможцаў.

«НН»: Што трэба, каб паўдзельнічаць у гульні?

ЯЛ: Трэба каманда з трох чалавек на веласіпедах. Тры чалавекі — гэта і максімум, і аптымальная колькасць гульцоў. Можна, вядома, гуляць і аднаму ці ўдваіх, але такой камандзе будзе цяжкавата. У адрозненні ад класічнай «Схваткі», камандзе не патрабуецца штаб, які каардынуе гульцоў.

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі».

Фота з мінулай веласіпеднай «Схваткі».

Таксама спатрэбіцца тэлефон з выхадам у інтэрнэт, бо асноўная камунікацыя адбываецца ў інтэрнэце. Гульня можна праходзіць некалькі гадзін, таму варта паклапаціцца пра запасны акумулятар.Не лішнім будзе ліхтарык і нататнік з асадкай.

Да ўдзелу ў гульні дапускаюцца толькі асобы, што дасягнулі паўналетняга ўзросту. 

Таксама кожная каманда мусіць сплаціць уваходны ўнёсак. Паводле рэгламенту веласіпеднага чэмпіянату «Схваткі», гэта 30 даляраў з каманды. Усе грошы ідуць на арганізацыйныя выдаткі і на ежу і пітво для піра.

Мы намагаемся рабіць узнёсак як мага меншым, і калі на гульню зарэгіструюцца многа каманд, будуць зніжкі.

Каб падаць заяўку на ўдзел, трэба зарэгістравацца на сайце гульні. Там жа можна знайсці кантакты арганізатараў і звязацца з імі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?