Украіне варта разарваць дыпламатычныя адносіны з Расіяй, як гэта зрабіла Грузія. Такое меркаванне ў каментары Gordonua.com выказала дысідэнт і праваабаронца Валерыя Навадворская.
«Трэба адбіцца і падавіць дыверсантаў. Трэба дамаўляцца з Захадам і перакінуць газавыя заказы, а за перагонкі газу на Захад браць грошы. Я б разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй, як гэта зрабіла Грузія. Крым, як і Паўднёвая Асеція, захоплены, і ўсім вядома, хто такія і ад каго прыйшлі Стралкоў і Барадай (лідэры тэрарыстаў «Данецкай народнай рэспублікі»)», — заявіла Навадворская.
На думку праваабаронцы, новаму прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку лепш выбудоўваць адносіны з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным «пры дапамозе буйнакаліберных кулямётаў».
«Я не ведаю, як Парашэнка павінен сябе з ім паводзіць, але, напэўна, Парашэнка, як чалавек сталы, гэта ведае лепш за мяне. Я б асабіста вітацца не змагла, хоць газ Украіне патрэбны. Але, можа, лепш яго купіць у Азербайджана або Туркменіі?» — адзначыла дысідэнт.
Навадворская таксама пракаментавала і свае асабістыя пажаданні Пуціну.
«Пры асабістай сустрэчы я б сказала Пуціну, што ён будзе пракляты нашчадкамі і гісторыяй.
Я не вялікі спецыяліст па выбудоўванні адносін з нягоднікамі, і адзінае, чаго можна пажадаць, так гэта каб хутчэй сатана забраў Пуціна ў пекла»,
— падкрэсліла яна.
Па словах Навадворскай, у Маскве масава вярбуюць былых вайскоўцаў для адпраўкі ў Данбас.
«Пуцін не ўвядзе свае войскі, але будзе падцягваць сваіх дыверсантаў. У Маскве ідзе вярбоўка па ваенкаматах. Тым, хто прайшоў гарачыя кропкі, тэлефануюць і прапануюць у Данбасе зарабіць добрую суму», — адзначыла публіцыст.





