Мяне цэлы дзень не пакідае адна і тая ж думка. Што з намі? Што сталася з нашым народам?

У 2003 годзе, многа ці мала, але адзінаццаць гадоў таму, хавалі Васіля Быкава. У прэсе і архівах можна знайсці багата рэпартажаў, дзе вы пераканаецеся ў тым, што пахаванне Быкава было не дзяржаўным, а народным. Труну неслі на руках – ад Дому літаратара, што месціўся ў раёне парка Горкага да Усходніх могілак. Дзесяцітычнае шэсце – дэманстрацыі любові, пашаны, адданасці да свайго прарока, пісьменніка, героя, што ўтапала ў кветках і бел-чырвона-белых сцягах.

11 гадоў таму. Няўжо ўсё так змянілася? Дзе тыя людзі? Хай сабе без сцягоў, але дзе тыя, што ўмелі шанаваць і любіць усім народам? Няма тых? А дзе іх дзеці? 11 гадоў – і як многа змянілася… Я не хачу разважаць пра дзяржаву, каторая ігнаруе гэтыя постаці пры жыцці і баіцца нябожчыкаў.

Хаця бы вызвалілі дзетак з заняткаў па беларускай мове і літаратуры, каб развітацца з тымі, хто гэтую мову і слова пранеслі ўсё жыццё як сцяг. Хацелі б – зрабілі. Але ладна. Будзем разважаць пра тых, хто прыходзіць не на загад, а сэрцам пакліканыя.

Няўжо нас так мала стала? Адзінаццаць гадоў. Не верыцца.

Знайшоўся верш Генадзя Бураўкіна да Васіля Быкава. Ён актуальны як да самога шаноўнага Генадзя, так і да дзядзькі Рыгора і тых, хто пакідае нас сам-насам з гэтай страшнай, балючай і злой эпохай, дзе на развітанне з нацыянальнымі геніямі прыходзяць некалькі соцень ці можа тысяча чалавек.

Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс,

За ворагам нанесеныя раны,

За брудныя пляўкі з тэлеэкрану,

За слёзы ўшацкіх ссечаных бяроз.

Даруй, што ўсе свае зямныя дні

Ты азіраўся з горыччу міжволі

На памяці закінутае поле

І спадзявання спаленыя пні.

Даруй за наш нялітасцівы час,

За ціхае кананне роднай мовы,

За ўдзячнасці запозненыя словы.

І давайце памятаць пра тых, хто жывы. Пра тых, хто побач. Пра Ніла Гілевіча давайце ўзгадаем. Каб напісаць яму ліст, тэлеграму, перадаць кветкі і падзякаваць за тое, што ёсць. Што з намі. Падзякаваць, каб было цёпла на душы і ў нас, і ў іх. Падзякаваць. Не ўпусціць гэтую магчымасць. Нават калі новая эпоха, што прыйшла праз 11 гадоў, згубіла сумленне і сэрца народа – мы ж ёсць, мы ж жывыя, мы ж тут недарэмна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?