Паводле падлікаў Белстата, у красавіку 2014 года сярэдні заробак у краіне склаў $590. Шмат, але гэта не рэкорд. Мінулым летам ён перасягаў $620.
Тады «Наша Ніва» параўноўвала (№32 ад 28 жніўня 2013) беларускія заробкі з грашыма, які атрымліваюць у суседніх краінах. Наколькі змянілася сітуацыя цяпер?
Мы зноў сабралі самыя свежыя звесткі аб заробках у 20 краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы — ад Расіі да Славеніі. Перадусім, гэта постсацыялістычныя краіны, якія ў пачатку 1990-х былі з Беларуссю на суседніх прыступках.
У краінах Заходняй і Паўночнай Еўропы атрымліваюць нашмат большыя грошы. У квітнеючай Швейцарыі сярэдні чысты заробак перавышае $5 тысяч!
Брута і нета
Беларуская статыстыка заўжды называе «брудныя» заробкі, да сплаты падаткаў. У нашай краіне работнік сплачвае падаходны падатак (12%) і пакідае 1% заробку ў фондзе сацыяльнага забеспячэння. І ў кішэні застаецца $513. Астатняя падатковая нагрузка ўскладаецца на працадаўцу. Па такім самым прынцыпе дзейнічаюць Расія, Малдова і Украіна.
У многіх еўрапейскіх краінах абраная іншая схема: як мінімум пятую частку заробку даводзіцца аддаваць у выглядзе падаткаў. Напрыклад, жыхары Даніі вяртаюць каля 48% свайго даходу, нятанна абыходзіцца і шведская сацыяльная мадэль — 44,3%. Зрэшты, на руках у іх усё адно застаецца $34 тысячы на жыццё.
Шпаркія статыстыкі
Беларуская статыстыка ледзь не самая хуткая на кантыненце. У нашай краіне ўжо апублікаваны памер заробкаў за красавік, у той час як чэхі, славакі і літоўцы толькі разабраліся з мінулым годам. Таму і ўніфікаваць дадзеныя, арыентуючыся па «адстаючых», складана. Таму ў табліцу зведзеныя лічбы за розны час. Аднак у большасці краін заробкі даволі стабільныя, яны не скачуць рэзка штомесяц.
Узор — Славенія
У многіх краінах са спіса ходзіць еўра, у іншых — нацыянальная валюта прывязаная да агульнакантынентальнай. Аднак мы для зручнасці прадублявалі лічбы і ў еўра, і ў далярах.
Як і год таму, найбольш багатай постсацыялістычнай краінай Еўропы з’яўляецца Славенія, якая падыходзіць да арыенціра ў 1000 еўра чыстымі. Калі раней толькі ў гэтай краіне зараблялі больш за $1000, то цяпер псіхалагічную мяжу пераадолелі яшчэ і эстонцы, і чэхі.
Эстонія ж трывала займае першае месца сярод краін былога СССР.
Расія падае, астатнія растуць
Летась Расія і Польша ішлі нага ў нагу. Палякі пабагацелі яшчэ на $100, а вось расейцы… Дэвальвацыя рубля прывяла да таго, што сярэдні заробак ва ўсходняга суседа паменеў з $850 да $780. У выніку наперад выйшла яшчэ і Славакія.
Наступныя змены ў рэйтынгу датычацца міжсабойчыка Літвы і Латвіі, а таксама Венгрыі. У прыбалтыйскіх краінах чысты сярэдні заробак нарэшце перавысіў $700, аднак для Латвіі ўказаная ў табліцы сума — завялікая. Яна атрымалася ў снежні за кошт навагодніх прэмій і відавочна «выбіваецца» сярод суседніх месяцаў.
У папярэдняй публікацыі «Наша Ніва» адзначала, што беларускай эканоміцы не хапае ўсяго $100, каб дагнаць Літву. Аднак лукашэнкаўская мадэль тады працавала на мяжы сваіх магчымасцяў. Як вынік, розніца з літоўскімі заробкамі цяпер дасягнула $190.
Беларусаў тым часам абагналі румыны і сербы. А баснійцы і чарнагорцы адарваліся яшчэ далей.
Аўтсайдары
Ніжэйшы за белстатаўскі заробак у рэйтынгу маюць пяць краін. Эканомікі Македоніі і Балгарыі — найбяднейшай краіны Еўрасаюза — працягваюць свой павольны рост. Чаго не скажаш пра Албанію, у якой па выніках 2013 года зафіксавалі $390 проці $290 у 2012 годзе. Ці давяраць дадзеным мясцовых статыстыкаў?
Напрыканцы спіса Украіна і Малдова. Дэвальвацыя грыўні апусціла заробкі ў паўднёвага суседа з $335 да $280. Згубілі частку грошай і малдаване. Яны паранейшаму на апошнім месцы.





