У інтэрв’ю Ксеніі Сабчак Лукашэнка прызнаўся, што «няма беларускай нацыянальнай ідэі. У мяне кніжак дзесяць ляжыць, я паставіў такую задачу — знайсці. Усё прапанаванае мне не спадабалася. Там ёсць і добрыя думкі, але не зачэпяць яны ўвесь народ», — сказаў ён.
«Наша Ніва» апытала больш і менш вядомых людзей: што павінна стаць беларускай ідэяй?
Жыць як у Еўропе
Сцяпан Стурэйка, гісторык: Яна ужо iснуе. Гэта — «жыць як у Еўропе».
Гэта бяскрайняй, разнароднай Расіі трэба ідэя, а Беларусі — нашто?
Аляксей Ластоўскі, сацыёлаг: Ужо ў пытанні хаваецца адказ, што ж цяпер разумеецца пад «нацыянальнай ідэяй» у Беларусі — адчувальную патрэбу элітаў (рознага кшталту) стварыць нейкі аб’яднальны комплекс уяўленняў, каб «знітаваць» насельніцтва краіны.
Варта адзначыць, што сам канцэпт «нацыянальнай ідэі» да нас перабраўся з Расіі, дзе існуюць вялікія праблемы з інтэграцыяй вялізнай тэрыторыі і шматстайнага насельніцтва. Плюс стварылася вялізная ідэйная пустка пасля краху камуністычнай ідэалогіі. Адсюль і паўстала мноства розных канструктаў, якімі стаў запаўняцца ідэйны вакуум. Вынік мы бачым па актуальным стане грамадскай свядомасці Расіі.
А Беларусь — адносна невялікая і досыць аднастайная краіна. І ці трэба нам яшчэ адна ўтопія, пераканаўчая для ўсіх? Ці ўяўляюць небяспеку нашы адрозненні ў каштоўнасцях, нашы розныя палітычныя перакананні і геапалітычныя арыентацыі?
Чым культываваць аднастайнасць, важней задумацца пра крышталізацыю самастойнасці людзей і захаванне традыцый. Трэба працаваць над развіццём адукацыі, выпрацоўкай формаў салідарнасці, нормамі камунікацыі, уважлівасці да іншых і актыўнасці. Гэта значна больш будзе спрыяць развіццю Беларусі, чым стварэнне ідэалагічнага монстра.
Знайсці здрадніка радзіме і забіць
Адам Глобус, пісьменнік: Знайсці здрадніка радзіме і забіць. Сімвал гэтага — «Пагоня». Гэта было апісана Багдановічам, Караткевічам у «Дзікім паляванні караля Стаха». На гэтым трымаецца наша нацыя і наша сіла. А той, хто не хоча бачыць гэтую ідэю нацыянальнай, альбо сцыць, альбо кажа, што яе няма.
Стаць членам еўрапейскай сям’і
Алесь Пашкевіч, гісторык: Немагчыма «паставіць задачу знайсці нацыянальную ідэю» і каб паслухмяныя выканаўцы на замову напісалі «кніжак з дзесяць». Прадукт будзе штучны, нежывы.
Нацыянальная ідэя — гэта тое, што існуе не на паперы, а жыве, хай на зародкавым узроўні, у розумах і сэрцах вялікай колькасці прадстаўнікоў нацыі. Гэта жывая іскра.
Мы — нацыя і па гісторыі, і па культуры еўрапейская, а таму мусім прыкладаць усе намаганні, каб стаць паўнавартасным членам сям’і еўрапейскіх народаў. Менавіта ў еўрапейскай ідэі ёсць прывабныя моманты для самых розных пластоў грамадства.
У Еўропе сёння, безумоўна, вышэйшая якасць жыцця ў параўнанні з «еўразійскім» светам. Там шануюцца нацыянальныя культуры і адначасова абараняюцца правы меншасцяў. Там ёсць пазітыўнае для кожнага.
Альтэрнатывы гэтай ідэі сёння для нас проста няма.
Прайшлі часы
Захар Шлімакоў, арт-менеджар і дызайнер: Прайшлі часы нацыянальных ідэй.
Яна непатрэбная
Раман Маладзяшын, пчаляр і гулец на біржах: Яна непатрэбная для дабрабыту нацыі.
Спажыванне — не ідэя
Валер Булгакаў, рэдактар часопіса «ARCHE»: Проста Лукашэнка не прымае нацыянальную ідэю, звязаную з умацаваннем нацыянальнай культуры, заснаванай на нацыянальнай мове. Цягам свайго праўлення Лукашэнка гэтую нацыянальную ідэю душыў усяляк. Таму на парадак дня выходзяць субстытуты нацыянальнай ідэі. Яшчэ ў 2003 годзе публічна было заяўлена аб стварэнні новай дзяржаўнай ідэалогіі. Але яна чужая людзям. Бо ў ёй націдэя зводзілася да абагаўлення дзяржавы і яе кіраўніка.
Ёсць і трэцяя ідэя, якая цэментуе беларускае грамадства. Гэта ідэя нястрыманага спажывання. Гэта ідэя працуе. Ідэалагічна падкаваныя чыноўнікі на пытанне «Чаму ў нас няма свабоды?» адкажуць, што ў нас затое ёсць дабрабыт, заробкі растуць. Такая ідэалагема дэфакта з’яўляецца легітымацыяй дыктатуры.
Але падмурак гэты крохкі, бо беларуская эканамічная мадэль нетрывалая, увесь дабрабыт залежыць ад Расіі, і Лукашэнка добра гэта разумее.
Дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава
Анатоль Сідарэвіч, гісторык: Дзяржава і дзяржаўная ідэалогія — гэта адно, а нацыя і нацыянальная ідэя — гэта іншае. Вынікам мінулага дваццацігоддзя з’яўляецца тое, што сякаятакая дзяржава ў нас яшчэ ёсць, а вось палітычнай нацыі няма. І ўлада шмат папрацавала на гэта, б’ючы грамадзянскую супольнасць.
Няма нацыі — няма і нацыянальнай ідэі. Хоць вынаходзіць тую ідэю і не трэба. Дастаткова ўзяць Устаўную Грамату пра абвяшчэнне БНР і палажэнні Канстытуцыі 1994 года аб Беларусі як незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржаве. Вось арыенціры.
Стварэнне дэмакратычнай дзяржавы
Сяргей Навумчык, рэдактар радыё «Свабода»: У пачатку 90-х, калі была дасягнутая незалежнасць Беларусі, мы паставілі на мэце стварэнне дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Гэта была ідэя, вакол якой аб’ядналіся найлепшыя інтэлектуальныя сілы нацыі. Працэс ішоў вельмі няпроста, але ў 1994м ён быў увогуле спынены: дзяржава ёсць, але яна не дэмакратычная, і ўлада ў ёй — не беларуская, а прарасійская.
Сёння галоўная мэта для беларусаў — захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, усведамленне каштоўнасці беларускай мовы, нацыянальнай культуры і гісторыі.
Гарантам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці можа і павінна выступаць дзяржава, бо пры іншым варыянце беларуская нацыя будзе знішчана. Будзе насельніцтва, але нацыя — знікне. Ну і, канешне, фактарам найбольшай небяспекі як для нацыянальнай ідэнтычнасці, гэтак і для беларускай незалежнасці быў і застаецца Лукашэнка.
Жыць як мага лепш
Пятро Крышчык, былы баскетбаліст, а цяпер таксіст: Я не магу казаць за ўсіх беларусаў. Магу сказаць пра сваю нацыянальную ідэю: жыць як мага лепш і ў кожны момант быць беларусам. Вось і ўся ідэя.
Нацыя са знакам якасці
Іван Шыла, студэнт: Я б канцэнтраваўся вакол якасці і паспяховасці беларусаў. Нацыя са знакам якасці!
Прапаганда беларускай гісторыі
Людвіка Кардзіс, бухгалтарка: Толькі прапаганда сапраўднай гісторыі нашай краіны.
Сама Беларусь
Анатоль Лябедзька, палітык, старшыня АГП: Беларускай нацыянальнай ідэяй можа быць уласна Беларусь: незалежная, самадастатковая, у цэнтры ўвагі якой знаходзіцца чалавек.





