У сітуацыі, калі беларуская ўлада і частка грамадства напалоханыя наступствамі ўкраінскага Майдану для гэтай краіны, у шэрагах беларускай апазіцыі сталі гучаць насцярожаныя галасы: а ці апраўданая новая Плошча? Гэтай тэме была прысвечана і дыскусія ў рамках круглага стала «Урокі Украіны для Беларусі», які адбыўся 31 сакавіка ў Варшаве.

Удзельнік гэтага мерапрыемства, адзін з лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў у інтэрв'ю Naviny.by выказвае свой пункт гледжання па гэтых пытаннях, а заадно і прэзентуе новую ідэалогію руху.

- Андрэй, дык ці прыйшлі ўдзельнікі дыскусіі ў Варшаве да агульнай высновы?

- Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што трэба аб'яднаць сённяшнія рэаліі з гістарычным мінулым і назапашаным досведам беларускай дзяржаўнасці. Без аб'яднання грамадства вакол ідэі незалежнасці і яе каштоўнасці Беларусь не зможа даць эфектыўны адказ на сучасныя выклікі і пагрозы.

Апошнія падзеі ва Украіне дазволілі рэальна ацаніць праблемы, якія стаяць перад нашым народам, аддзяліць галоўнае ад неістотнага. Мы пачалі задаваць сабе правільныя, хоць і не заўсёды зручныя, пытанні. Стала відавочнай галоўная слабасць сённяшняй Беларусі, а значыць, і наша галоўная мэта.

- Якая ж яна?

- Мэта - умацаванне незалежнасці, аўтарытэту краіны і ўзмацненне ролі, сілы грамадства. Прыйшоў дзіўны час: пара аб'яднаць ВКЛ і БССР, Сапегу і Машэрава! Усё гэта - пацвярджэнне права беларусаў на незалежную дзяржаву. Нам трэба мяняць падыход да эканомікі, ваеннай дактрыны і міжнародных інтарэсаў. Бо цяпер абаронцаў беларускай незалежнасці вельмі мала.

- Мяркуючы па ўкраінскіх падзеях, галоўная пагроза незалежнасці зыходзіць ад Расеі. Дык што ж, тэрмінова рваць адносіны з ёй і ўступаць у НАТА?

- Калі знаходзішся ў клетцы з тыграм, самае недальнабачнае - павярнуцца да яго спінай і пабегчы з крыкам да выхаду. Не, трэба пераадолець страх: глядзіце яму ў вочы, кажыце спакойна і павольна, а тым часам крок за крокам адступайце ў зону бяспекі.

- Шмат хто цяпер кажа, што Лукашэнка менавіта так і робіць…

- Ён год за годам рабіў крокі ўглыб гэтай клеткі - дзеля сваёй улады. Лукашэнка заўсёды змагаўся за ўладу, а не за незалежнасць. Вынікам 20 гадоў яго праўлення стаў поўны правал у гэтым кірунку. Каб не страціць уладу, яму, вядома, патрэбна незалежнасць, але ў новых рэаліях і пры яго 60-гадовым узросце гэтага ўжо занадта мала. Чалавек стаміўся, у яго няма сіл для новых рашэнняў. Такое становішча рэчаў робіць нашу краіну лёгкай здабычай.

- І што ж, па-вашаму, можа зараз працаваць на ўмацаванне нашай незалежнасці?

- У першую чаргу - змяненне структуры эканомікі: трэба сыходзіць ад звыклых савецкіх схем, якія ўжо па вызначэнні ўмацоўваюць залежнасць ад Расіі. Далей, армія павінна разумець: у незалежнасці Беларусі няма сяброў, толькі мы самі - яе аснова. Мы павінны дамагацца нейтральнага статусу краіны і сур'ёзна распрацоўваць новую ваенную дактрыну, асновай якой будзе грамадства, а не толькі армія. Нашы дзяды ўжо даказалі гэта праз магутны партызанскі рух. Трэба ўкладвацца ў грамадства, узмацняць яго ролю ў дзяржаве. Менавіта моцнае грамадства, а не армія чыноўнікаў - аснова моцнай дзяржавы. І апошняе: на нашай тэрыторыі важна выбудаваць баланс эканамічных інтарэсаў сусветных гульцоў. Усё гэта выдатна зараз адчуваюць нашы людзі, напалоханыя тым, што адбываецца ў свеце наогул і вакол Беларусі ў прыватнасці.

- Ёсць меркаванне, што беларускае грамадства не шануе незалежнасць, таму што яна дасталася яму дарма…

- Пагалоску пра тое, што наша незалежнасьць - гэта падарунак, прыдумалі яе праціўнікі. Большасць войнаў як у сярэдзіне 17-га стагоддзя з Масковіяй, так і ў 1812-м, і Вялікая Айчынная, многія паўстанні былі крывавай барацьбой менавіта за наша права жыць тут і заставацца сабой. Улада мяняецца - беларусы застаюцца. Наша незалежнасць заваяваная нашым народам.

- Але ж ёсць сярод грамадзян Беларусі і тыя, хто падтрымлівае дзеянні Расіі сёння…

- Не блытайце эмоцыю спалоху большасці насельніцтва з ухвалой дзеянняў Расіі. Тых, каму падабаецца тое, што робіць Крэмль зараз, гатовых паставіць крыж на Беларусі, - меншасць. Большасць жа нашага народа баіцца вайны, баіцца страціць Беларусь. Таму першая іх рэакцыя - адмаўленне ўсяго, што, на думку гэтых людзей, можа прывесці да паўтору такога сцэнара ў нас дома.

- Як усё гэта ўплывае на планы апазіцыі адносна 2015?

- Новая пагроза прымушае нас па-новаму паглядзець на ўсё, што адбываецца цяпер у рэгіёне і будзе адбывацца ў нашай краіне. Па-першае, відавочна, што канцэпцыя мірных пераменаў, народнага рэферэндуму - гэта адзіная канцэпцыя дэмакратычных сіл, якую гатова пачуць грамадства. Па-другое, трэба разумець, што мы сёння павінны думаць пра супрацьстаянне не проста Лукашэнку, а тым, хто гатовы і можа выкарыстоўваць нашу слабасць. Таму трэба вельмі сур'ёзна падыходзіць да сцэнара Плошчы, каб нас не прыехалі ратаваць танкі іншай краіны.

- Дык што ж зараз апазіцыі рабіць?

- Мы разумеем: толькі мірны спосаб перадачы ўлады, на аснове грамадскага дыялогу, можа гарантаваць захаванне незалежнасці і дэмакратычны шлях развіцця дзяржавы. А для гэтага трэба аб'яднаць большасць.

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю да дыскусіі пра тэмы і формы такога дыялогу ўсе дэмакратычныя сілы, усіх неабыякавых грамадзян нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?