8:23 — намаляваныя на асфальце рознакаляровыя вялікія сляды паказваюць мне шлях да ганка. На чырвона­-бардовай шыльдзе надпіс — «Сухаградcкі №18». Выбарчы ўчастак. Горад — Жодзіна. Выбары ў мясцовыя cаветы дэпутатаў.

Чароўная палітра

Двухпавярховы будынак Цэнтра дзіцячай творчасці заліты сонцам. Адразу на прыступках мяне сустракае старшыня выбарчай камісіі, жанчына ў чорным пінжаку і белай кашулі з бэйджыкам. «А вы хто?» Пачынаю тлумачыць. «А, ну да, канечне», — жанчына паказвае на другі паверх. Там у актавай зале стаяць скрыні для галасавання і сядзяць сябры выбарчай камісіі. Выдзелены для аховы ўчастка міліцыянт расслаблена пазірае ў акно… «Так-­так, канечне. Фатаграфуйце. Мы працуем», — ці то запэўнівае мяне, ці то падбадзёрвае сябе старшыня камісіі.

«Так. Ідзіце сюды. Вас трэба запісаць?» — кліча мяне маладая жанчына. Свежы манікюр, некалькі пярсцёнкаў, не па сезоне лёгкая спаднічка жоўта­леапардавага колеру. Нарэшце яна, сакратарка камісіі, знайшла патрэбны сшытак. Над летнім дэкальтэ ў яе прымацаваны бэйдж. З­пад стала чуецца цокат абцасаў… У падобных сукенках я сустракаў людзей на вяселлях і юбілеях. Бачна, што выбары для гэтай сакратаркі не менш значная падзея ў жыцці. Хоць, можа, ёй проста падабаецца так выглядаць, і нават у дзень галасавання яна ўпэўнена падкрэслівае сваю безгустоўную сэксапільнасць, «А што вы так рана? Здаровы сон — карысны», — запісала яна мае дадзеныя першым радком у сшытак пад назвай «Журнал рэгістрацыі супрацоўнікаў СМІ».

Відаць, я быў першым, хто парушыў здаровы сон гэтага выбарчага ўчастка.

У гэты момант старшыня камісіі кіравала мужчынам, які прынёс вазон з папараццю ў актавую залу. «Во сюды, хай будзе як бы аазіс», — падказвала яна, і мужчына паставіў кветку за скрыняю для галасавання.

Жанчына ў чорным пінжаку была гатовая даць адказ на любое пытанне. Да выбараў, да ўсёй іх сістэмнай складанасці яе ўчастак гатовы. Ён перажыў некалькі праверак з гарвыканкама і цяпер функцыянуе так, як трэба па ўсіх метадычках.

«Да вас у нас было шмат людзей. А цяпер… снедаюць», — дзяжурна, з тонам справаздачнасці, але неяк нервова кажа мне старшыня. У яе вачах страх і непакой.

На гадзінніку трохі больш за 8.30, а яна так добра гатовая да гэтых выбараў, што ведае ўсё, што адбываецца з выбаршчыкамі на яе ўчастку. Гэта страх бюджэтніка, якому начальства даручыла правесці выбары «красіва», так, як трэба. Гэтае «як трэба» парушыў я сваім прыходам. Кожнаму з супрацоўнікаў камісіі, хто не першы раз удзельнічае у выбарах, вядома гэтае пачуццё. Ну, відаць, акрамя той сакратаркі ў гарэзлівай сукенцы. Верагодна, што ў яе гэта «першыя выбары». Але яна не разгубіцца, не засумняваецца, бо побач — дасведчаны кіраўнік у чорным пінжаку.

«Ой, а сфатаграфуйце ўжо і нас. За сталамі. Такі важны момант. Наша супольная праца. Памяць», — просіць мяне старшыня камісіі.

Яе падначаленыя робяць свае паставы раўнейшымі, глядзяць у кадр, і я націскаю на кнопку. За іх спінамі, на сценах Цэнтра дзіцячай творчасці, — выстава дзіцячых малюнкаў «Чароўная палітра».

Першага за сёння выбаршчыка я пабачыў, калі выходзіў з участка. Мужчына ў камуфляжы­робе выйшаў з «Жыгуля» і з пашпартам у руцэ ўвайшоў у будынак.

«Вясновы настрой»

8:57, паліклініка горада Жодзіна. Наступны ўчастак. Два дзясяткі прыступак да ўвахода размаляваныя ў чырвона­-зялёны колер. Іх упэўнена пераадольваюць дзве жанчыны­-пенсіянеркі. У будзень на гэтых прыступках ажыўлены рух, і людзі падымаюцца па іх, каб дапамагчы свайму здароўю.

Але сёння нядзеля, і дзве пенсіянеркі ўжо ўвайшлі ў будынак, каб дапамагчы беларускай выбарчай сістэме.

Насупраць увахода — рэгістратура паліклінікі. У акенцы сядзіць дзяжурны доктар.

9:12, школа №4. У даўгім калідоры каробкі­ трохпавярховіка — участак. Няўпэўнена заходжу і іду, азіраючыся, у бок буфета. Сябра камісіі, якая сядзела бліжэй да мяне: «Так, спачатку ў буфет, а потым да нас». Буфет заняў усю школьную сталоўку. Вялікія сталы з лавамі прыбраны светлымі абрусамі. Гатовая і сцэна для канцэртнай праграмы. На ёй прымацаваны вялікія, выразаныя з белай паперы літары — «Весеннее настроение». Прадавачкі раскладаюць піражкі.

9:26, Дом культуры «БелАЗ». Сталінскі цагляны будынак. Шырокія лесвіцы з драўлянымі парэнчамі. Бляклае жоўтае святло лямп са старых плафонаў аднастайна залівае калідор. Лейтэнант міліцыі, які ахоўвае ўчастак, дзеліцца са мной сваім смуткам: «Зусім дрэннае святло, пасядзіш тут некалькі гадзін — і можна ашалець». Трохі такі напускны жаль, канечне. Гэты лейтэнант лепш за мяне ведае, што дзяжурыць на выбарах нашмат прыемней, чым пісаць пратаколы ў пастарунку.

10:46. Смалявічы. На пероне чыгуначнага прыпынка прагульваецца нарад спецназа ў «парадных» строях — пад камуфляжам у іх белыя кашулі.

10:59. Каля будынка мясцовага аддзела адукацыі пачынае граць аркестр з мясцовага Дома культуры. Дзясятак мужчын у штодзённай вопратцы шэра-­чорнай колеравай гамы парушаюць нядзельны рытм Смалявічаў. Адзінкавыя выбаршчыкі ўваходзяць галасаваць. На ўчастку ў суправаджэнні вусатага мужчыны, які ўсім сваім выглядам паказвае, хто тут начальнік, з’яўляецца здымачная група СТВ. Журналісты, зняўшы аркестр, ідуць у буфет.

Карэспандэнт пытаецца ў дзяўчынкі: «А дзе твая мама? Пакліч сюды». Пад наглядам старшыні камісіі здымаецца сцэнка, як выбарцы купляюць напоі і прысмакі.

11:43. Жоўты мікрааўтобус з аркестрам едзе граць на выбарчы ўчастак смалявіцкай райбальніцы. З першымі гукамі іх бадзёрай музыкі з вокнаў палат высоўваюцца цікаўныя хворыя. Павыступаўшы паўгадзіны, аркестр грузіцца ў жоўтую «Газель» і едзе на наступны ўчастак. На цэнтральнай плошчы Смалявіч з рэпрадуктараў гучыць першы канал беларускага радыё. Голас Лідзіі Ярмошынай тлумачыць, што трэба рабіць тым, хто галасуе на выбарах упершыню. Праз дарогу, насупраць помніка Леніну, расцяжка: «Віншуем са святам».

«Прыбіраем часопісы. Нас будуць здымаць»

14:11. Мінск. Выбарчы ўчастак у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна. Непадалёк ЦУМ. На вуліцы размясціўся буфет і летнія кавярні з вялікімі чырвонымі парасонамі. Калоны з шэрага бетону абкручаны штучнымі кветкамі. Іду да сакратаркі.

«Так, дзевачкі, прыбіраем часопісы. Нас будуць здымаць», — кажа яна да шэрагу маладых жанчын за сталамі, супрацоўніц бібліятэкі, якія ў гэты дзень па сумяшчальніцтве яшчэ і чальцы выбарчай камісіі. Бібліятэкаркі арганізавана прыбіраюць чытво далей ад маіх вачэй.

На вуліцы ў летнім кафэ заняты адзін столік. Кампанія за ім ужо нападпітку. Некалькі сталоў пустыя, і бачна, што ад самага пачатку дня за іх нават не сядалі — крэслы да іх нахілены спінкамі.

З калонак вырываецца фанаграма. Сем жанчын у нацыянальных строях, апранутых паўзверх сучасных куртак, зацягваюць песню пра «мілы край — Беларусь». Нецвярозы мужчына ідзе бліжэй да хору, каб патанчыць.

На пляцоўцы ён адзін. Побач з’яўляецца «інспектар культурнай праграмы» — мужчына ў касцюме і чорным паліто. Удзячна, як толькі можа дзякаваць чыноўнік падначаленаму, ківае спявачкам галавой і спрабуе злавіць іх позірк на сабе. Але яны занятыя спевамі і ківаюць не мужчыну­кантралёру, а ў такт фанаграмы…

19:40. Рабочыя разбіраюць буфет і загружаюць рыштунак у грузавік. Выбарчы ўчастак працуе, але ўсім вакол зразумела, што яшчэ адзін напружаны дзень ўсе вытрымалі годна. Яго вытрымалі сябры выбарчых камісій, вакальна­інструментальныя групы на ўчастках, буфетчыцы і выбарцы. Вытрымалі нават тыя, хто сёння не галасаваў.

Гэта ідэальныя выбары, іх механізм адточаны філігранна. Планка іх уплыву ўзнята настолькі высока, што іх як інструмент грамадска­-палітычнага жыцця можна проста адмяняць. Гэтак жа проста, як можна адмяніць «Дажынкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?