Без адзінага кандыдата апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года няма чаго рабіць, мяркуе лідэр кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, былы палітзняволены Уладзімір Някляеў. 

«Мы выступаем за тое, каб распрацаваць механізм і вызначыцца з адзіным кандыдатам, і я заўсёды з гэтай пазіцыяй выступаў, — зазначыў ён. — Калі глядзець сёння, то без гэтага на выбарах 2015 года апазіцыі няма чаго рабіць. Але як гэта зрабіць? Я ўжо проста шалею ад таго, што ў нас у апазіцыі адбываецца».

Паводле слоў Някляева, часта ў апазіцыі «нібыта заяўляюць адно, але затым з-за нейкіх прычын спрабуюць саскочыць, каб быць як бы чыстымі». «Калі нават у дробязях, дамаўляючыся, мы парушаем гэтыя дамоўленасці, то пра што можна гаварыць сур'ёзна? Тым больш, маючы вопыт 2010 года. Я тады казаў: калі мы разам не будзем дзейнічаць ва ўсіх сумесных акцыях, то нічога не дасягнем і ў галоўным. Так, на жаль, і адбылося», — сказаў палітык. 

Някляеў не бачыць сэнсу ў вылучэнні некалькіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Ён паведаміў, што прапаноўваў свой варыянт выхаду на адзінага кандыдата: калі прадстаўнікі кампаніі «Народны рэферэндум» і кааліцыі «Талака» вызначаюцца са сваімі кандыдатамі, а затым вырашаецца, хто з іх будзе адзіным. 

«Я дагэтуль не разумею, чаму гэтая прапанова не была прынятая. Ніхто не заявіў, што згодны быць адзіным кандыдатам. Зноў пачалося: мы не ведаем, гэта не асабістае рашэнне, гэта рашэнне структуры, партыі і гэтак далей. А час, між іншым, падціскае.

Ужо вясна, мясцовыя выбары, хаця раней ставілі задачу вызначыцца з адзіным кандыдатам якраз да даты мясцовых выбараў», — заўважыў лідэр «Гавары праўду». 

Нагадаем, ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум» («Гавары праўду», Партыя БНФ і рух «За Свабоду») прапанавалі правесці кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі для выбрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты, а сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец заяўляў аб неабходнасці правядзення кангрэса ўжо гэтай вясной.

Някляеў мяркуе, што арганізаваць кангрэс дэмсіл можна за месяц. «Але мне кажуць пра тое, які гэта складаны механізм, якія гэта можа прынесці праблемы апазіцыі, што той, хто прайграе, не пагодзіцца са сваім паражэннем. Але з такімі падыходамі лепш наогул ніякую сур'ёзную справу не пачынаць», — упэўнены палітык. 

Пры гэтым лідэр «Гавары праўду», які ўжо заявіў пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта, падкрэсліў: калі адзіным кандыдатам ад дэмсіл выберуць не яго, ён гатовы адмовіцца ад сваіх планаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?