ЕРБ

ЕРБ

Хоць расійскае кіраўніцтва ад самага пачатку крымскага крызісу выразна дэманстравала свае намеры, большасць палітыкаў і экспэртаў не маглі даць веры, што гэта не блеф. Яны лічылі, што Крым патрэбен Расіі ўсяго толькі дзеля шантажу і ціску на Ўкраіну. А для гэтага дастаткова было паўтарыць мадэль Прыднястроўя. Таму цяпер такі шок ад нахабства Масквы.

Усе кажуць, што Расія парушыла міжнароднае права. Усё так, але… Што такое міжнароднае права? Калі казаць простай мовай, то гэта воля вялікіх дзяржаў, зафіксаваная ў дакумэнтах. Класічны прыклад — правілы функцыянавання Рады Бяспекі ААН, дзе вялікія дзяржавы надалі сабе права вэта на прыняцце абавязковых для ўсяго свету рашэнняў.

У пасляваенны час, калі сфармавалася сучасная сыстэма міжнародных адносін, вялікія дзяржавы шмат разоў парушалі права на недатыкальнасць сувэрэнітэту невялікіх краін. Падчас «халоднай вайны» гэта рабілі і СССР, і ЗША. І ўжо пасля распаду савецкага блоку дзеянні ЗША ў Іраку (2003 г.), Расіі ў Грузіі (2008 г.), Францыі ў Лібіі (2011 г.) былі сумнеўнымі з гледзішча міжнароднага права.

І да таго ж у міжнародным праве існуюць два пастулаты, якія не толькі не стасуюцца адзін з адным, але супярэчаць адзін аднаму і нават узаемна выключаюць адзін аднаго. Гэта гарантыя тэрытарыяльнай цэласнасці, сувэрэнітэту дзяржаваў — і права нацыяў на самавызначэнне. І ў кожным канкрэтным выпадку, калі ўзнікаюць такога кшталту юрыдычныя калізіі, перамогу атрымлівае той, хто мае больш сілы ці мацнейшых саюзнікаў.

Крымскі выпадак адрозніваецца ад усіх іншых падобных канфліктаў чатырма важнымі асаблівасцямі.

Па-першае, крызіс вакол Крыму абсалютна рукатворны, штучна створаны. Расія ўвесь час спасылаецца на прэцэдэнт Косава. Але Косаўскі край перажыў этнічныя чысткі, ад якіх пацярпелі дзясяткі тысяч людзей. 10 гадоў ішлі перамовы пра статус Косава. Нават праблемы Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі існавалі задоўга да расійска-грузінскай вайны. Крымскі ж крызіс быў створаны зусім на пустым месцы, для яго ўзнікнення не было ніякіх перадумоў, праблема поўнасьцю выдуманая.

Па-другое, уражвае хуткасць правядзення апэрацыі. Усё было зроблена ліхаманкава. Увялі вайсковыя падраздзяленні, прызначылі ўрад, абвясцілі рэфэрэндум праз 10 дзён, праз два дні пасля «рэфэрэндуму» Пуцін падпісаў адпаведныя дакумэнты. Кшталту — «дарагая, давай зробім гэта па-хуткаму». Калі ЗША ў 2002 годзе рыхтавалі ірацкую апэрацыю, то шмат месяцаў ішла дыпламатычная падрыхтоўка, амэрыканцы стварылі немалую кааліцыю і толькі пасля гэтага зрабілі рашучы крок. А тут усё з бухты-барахты. Калі так моцна спяшаюцца, значыць, хочуць нешта нядобрае схаваць.

Па-трэцяе, анэксія тэрыторыі іншай дзяржавы — гэта штосьці з ХІХ стагоддзя, калі рабіліся каланіяльныя захопы. У ХХ стагоддзі калоніі ўжо распадаліся. Калі чужыя тэрыторыі і далучалі, то толькі ў выніку перамогі ў вайне. Такіх прэцэдэнтаў у Эўропе пасля Другой усясветнай вайны не было. Таму нельга параўноўваць цяперашнія крокі Расіі з дзеяннямі ЗША ў Югаславіі, Аўганістане, Іраку.

Па-чацвёртае, Расія ня вельмі зважала на нейкія вонкавыя прыстойнасці падчас гэтай спэцапэрацыі. Не можа быць свабоднага волевыяўлення народу Крыму пад акупацыяй замежным войскам, цягам дзесяці дзён, без публічных дыскусіяў, без стварэння выбарчых камісіяў на парытэтных асновах, як, дарэчы, прадугледжвае ўкраінскае заканадаўства. Дый лічба 97% выдае арганізатараў з галавой. Справа не толькі ў тым, што этнічных расійцаў у Крыме толькі 58%. На дэмакратычных выбарах такіх лічбаў не бывае. Падобныя вынікі бываюць толькі ў дыктатарскіх краінах.

Галоўныя высновы з крымскага крызісу:

1. Расія не прызнае больш вынікаў распаду СССР. Яна ўзяла курс на аднаўленне імпэрыі сілавымі сродкамі. Калі раней яна спрабавала гэта рабіць з дапамогай «мяккай сілы», то цяпер стаўка робіцца на грубую вайсковую сілу. Памянялася дактрына вонкавай палітыкі Расіі. Цяпер яна не прызнае сувэрэнітэту постсавецкіх краін і прысвоіла сабе права абараняць «русский мир».

2. Існуе пагроза фашызацыі Расіі. Шавіністычны чад, гістэрыка, рыторыка афіцыйных асобаў і дзяржаўных мэдыяў моцна нагадваюць тое, што назіралася ў гітлераўскай Нямеччыне падчас захопу Аўстрыі, Судэцкай воблаці ці Клайпеды. Сённяшняя Расія вельмі падобная да вэймарскай Нямеччыны апошніх гадоў яе існавання.

3. Для Расіі добрыя ці нават нармальныя адносіны з Захадам больш не важныя. РФ перастае быць партнэрам ЭЗ і ЗША ў стварэнні ўсясветнай сыстэмы калектыўнай бяспекі. А гэта значыць, што замест партнэрства пачынаецца новае выданне халоднай вайны між Расіяй і Захадам. «Парогавыя дзяржавы» пачнуць актыўна ствараць ядзерную зброю. Бо калі б Украіна пад ціскам і гарантыямі Захаду не вывела ядзерную зброю, анэксіі Крыму не было б.

4. Дэстабілізацыя рэгіёну расцягнецца на доўгія гады. Канфлікт паміж Расіяй і Ўкраінай будзе трываць вельмі доўга. Гэтыя дачыненні стануць падобнымі да адносінаў Армэніі і Азэрбайджану. Хто б ні прыйшоў да ўлады ў Кіеве, РФ там будуць лічыць ворагам. Украіна папросіць дапамогі ў НАТО, ЗША, там з'явяцца нейкія замежныя вайсковыя падраздзяленні, аб’екты. Гэта, у сваю чаргу, выкліча хваравітую рэакцыю Масквы. І нават калі да вайны не дойдзе, тэрыторыя на поўдзень ад Беларусі на доўгі час ператворыцца ў парахавую бочку Эўропы.

Сардэчна запрашаем у новую рэальнасць, спадарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?