Мы ж тады, напрыклад, не ведалі, што ездзіць глядзець іншыя краіны і кантыненты — гэта ў парадку рэчаў для грамадзян квітнеючых краін, гэта хобі ў іх, а то і проста жыццёвая неабходнасць, вось не могуць яны ніяк пражыць, не паглядзеўшы, напрыклад, Індыі. Дзіўна нам усё гэта было.

Потым жалезная заслона павалілася, і свет нам адкрыўся. Вось і цяпер я сяджу ў гарачай Дамінікане, а ў Маскве праходзіць мітынг супраць вайны. Нехта, праўда, і «за» маршыруе.

Калі ўжо зусім дрэнна бывала, я заўсёды думала: «Усё-ткі хоць і цяжка, але не так, як у іншыя часы, да мяне. Вайны няма, Сталіна няма».

А вось ніколі не кажы «ніколі». Цяпер і вайна практычна на парозе, і Сталін у пашане, ды і жалезная заслона, падобна, вось-вось накрые па новай.

Так бы мовіць, «сардэчна запрашаем на дыскатэку сямідзясятых!»

І зноў па тэлеку трындзяць, што вакол нашай краіны адны праклятыя ворагі, толькі цяпер і ўкраінцы ворагамі раптам сталі.

А я акурат перад Дамініканай ездзіла ў Кіеў на здымкі, на ТБ мясцовае, я яшчэ іх спытала: «А я вам навошта? У нас, здаецца, вайна пачынаецца?» Мне неяк сорамна было да іх ехаць. А яны нават не зразумелі, пра што я. «Не верце нікому, Т. А., у нас усё вельмі спакойна ў Кіеве».

І праўда, слова мне ніхто дрэннага не сказаў, позірку касога не кінуў. Перадача была і на рускай, і на ўкраінскай, ну ніякага ўціску і крыўдаў рускім я не заўважыла, што са мной зробіш?

А потым і па вуліцах пахадзіла — усё спакойна, горад жыве сваім звычайным жыццём. Я цяпер таксама «пятая калона »? Вось толькі за тое, што напісала праўду?

Яна цяпер, падобна, не патрэбная нікому, праўда гэтая праклятая, цяпер патрыятызм у трэндзе. Ну-ну…

Страшнавата моцна ад усяго гэтага, хлусіць не буду, але ж я ўжо немаладая, пажыла, шмат чаго бачыла ў жыцці, а вось вам, маладзейшым… Што ж… Зараз вам танчыць пад музыку сямідзясятых, прычым айчыннай вытворчасці музыку, іншую абвесцяць варожай…

І саджаць будуць за прагляды фільмаў, якія Мілонаву здадуцца амаральнымі. А яму вунь усё карціць, яму ўсё амаральным здаецца, такая ў яго мараль, крыху хваравітая, на маю думку.

Або так ужо нельга пра мілага Мілонава? Можа, і гэта ўжо злачынства супраць патрыятызму?

Кіно зноў стане толькі айчынным, толькі здымацца там будуць тыя самыя 500 (ці колькі?), якія ліст правільны падпісалі.

Ну і Бог ім у дапамогу, працаўнікам сцэны і экрана! Хай ужо уграюцца ў правільных сцэнарах у правільных рэжысёраў. Толькі ўжо без усялякіх там закідонаў! Каб ужо да канца ўсё па правілах, а правілы гэтыя ў Мілонава спытаеце, каб не абмішуліліся незнарок. Я ўжо адздымалася…

Эх, яркая, цёплая Дамінікана! Развітацца, ці што, з табой на векі вечныя? Ці ўбачымся? Хто ведае…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?