Я памятаю, як эль Камандантэ Чавес браў мяне за руку, вёў у парк атракцыёнаў і мы з ім маталі па крузе на жалезным поні. Потым ён купляў мне салодкі папкорн (ціха, каб венесуэльцы не бачылі, што купляе american ezhu), і мы йшлі доўга-доўга да яго сябра Мадуры. Там мы пілі салодкую гарбату з пернікамі, жартавалі ды шмат смяяліся. Вось якія выдатныя былі мы з Чавесам сябры. І ён быў сябрам для кожнага з Беларусі.

Так гэта бачыць нейкі ідэолаг.

Але гэта, канечне, не так. Чавес — гэта невядомы чалавек, якога я некалькі разоў бачыў па ТБ і якога я не здольны ні ў якім разе прыраўняць да сябра. Нават да знаёмага.

І мая маці не можа.

І тата.

І сябры.

Чавес быў сябром толькі аднаго чалавека з беларускага народа.

Магчыма, таму ўся краіна год таму рабіла выгляд, што скуголіць тры дні праз нейкага венесуэльца.

А вось Дзядзька Барадулін сябрам аднаго чалавека з беларускага народа не быў. І таму ў 370-тысячным Магілёве гадавіна па Чавесу была адзначаная ў Гарадскім цэнтры культуры, а Барадуліна ўвесь наступны тыдзень нават ніхто не ўспомніў.

Я яго памятаю.

Я памятаю, як іншым разам енчыў, калі даводзілася вучыць яго вершы. Я памятаю, як я ўпершыню асэнсаваў усю глыбіню радкоў «Трэба дома бываць часцей. Трэба дома бываць не госцем…»

Гэта ягоныя радкі. Гэта тое, што падала ў памяць, што заставалася там назаўсёды, як любоў да маці, да Радзімы.

Менавіта з Барадуліным, Гілевічам, Караткевічам, Купалам і Багдановічам, а не Чавесам, прайшло маё дзяцінства, як і ў тысяч іншых хлопчыкаў ды дзяўчынак.

Барадулін — апошні з вялікіх. Сышоў Быкаў, але Барадулін заставаўся, як той самы Ноеў каўчэг, які нясе ў сабе жыццё. Жыццё вершаванае, вельмі тонкае, за якое чапляецца з апошніх высілкаў беларуская мова.

А потым яго не стала.

І я даведаўся, што недзе ў ГЦКіДзе танчылі і спявалі ў гонар Чавеса. Ужо тады стала зразумела, што Барадуліну пакуль што светлае не свеціць.

І мне сорамна. Сорамна за дзяржаўку, якая будзе іншых памятаць па ўказцы, а на сваё заб’е і выкіне. 

Рэдакцыя milkmag.by пакінула ў цэнтры Магілёва пэўную колькасць лістоў з вершамі Дзядзькі Рыгора. Мы ведаем, што гэта мізер у параўнанні з тым, што можна было зрабіць агульнымі высілкамі разам з грамадскім асяроддзем горада. Аднак лепш зрабіць мала, чым не рабіць нічога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?