У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў новы раман Мікалая Чаргінца «Операция «Кровь»».

Нягледзячы на сцвярджэнне аўтара, што «произведение написано на документальной основе – фактах ужасных преступлений оккупантов в Беларуси», многія з «фактаў», пададзеных у творы, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Перш за ўсё гэта датычыць дзіцячага дома ў вёсцы Сёмкава пад Мінскам, якая ў гады вайны знаходзілася пад акупацыяй. Аўтар у сваім рамане робіць з дзіцячага дома сапраўдны лагер смерці, донарскі цэнтр, дзе ў дзяцей бязбожна выкачваюць апошнюю кроў. Мікалай Чаргінец распавядае, як у гэты лагер адпраўлялі дзяцей з яўрэйскага гета ў Мінску.

У найлепшых традыцыях савецкага перабольшвання і гераізацыі дзіцячы дом пад Мінскам у рамане Чаргінца набывае статус сакрэтнага аб’екта, куды кожны тыдзень адпраўляюць няшчасных дзяцей.

Натуральна, гэты стратэгічны аб’ект мае значную ахову: як піша аўтар, «двойное проволочное ограждение, вышки по периметру, несколько пулемётных дзотов» і г.д. У чытача ствараецца ўражанне, што пад Мінскам сапраўды мог існаваць падобны сакрэтны цэнтр.

Насамрэч тэрыторыя дзіцячага комплекса падобным чынам не ахоўвалася. Дзеці маглі вольна выходзіць і вяртацца ў дзіцячы дом. Многія з іх часта выходзілі за тэрыторыю інтэрната ў пошуках бульбы, буракоў і іншай ежы ў мясцовых жыхароў.

Але такая вольнасць не стасуецца з канвой вострага сюжэту. І таму апісанне сакрэтнай лабараторыі па забіранні крыві набывае яшчэ больш сакрэтны размах, значнасць аховы дзіцячага дома папросту ўражвае. Апроч іншага, туды ж, згодна з Чаргінцом, быў прыкамандзіраваны зводны латвійска-літоўскі атрад паліцэйскіх. Такая ахова немцаў павінна была супрацьстаяць магчымым дзеянням партызан, а больш дакладна – партызанскай брыгадзе «Штурмавая».

Як адзначалі пасля ўдзельнікі тых падзей, удзень у дзіцячым доме маглі з’явіцца немцы, а ўначы – партызаны. Мала таго, мясцовы персанал нават супрацоўнічаў з партызанамі, за што напярэдадні вызвалення Беларусі быў арыштаваны немцамі, у выніку чаго дзеці засталіся фактычна без нагляду. Тады ж партызаны брыгады «Штурмавая» і прымаюць рашэнне выратаваць дзяцей.

Замест вызвалення дзяцей без ніводнага стрэлу, як гэта насамрэч і было (што, між іншым, з’яўляецца ўнікальнай аперацыяй у гісторыі партызанскага руху), аўтар рамана прыдумляе бойку партызанаў з нямецкім гарнізонам. У бойцы за вызваленне дзяцей ёсць параненыя і забітыя, палац, у якім быў дзіцячы дом, загарэўся «в ходе боя». Насамрэч жа палац – помнік архітэктуры – быў спалены партызанамі пасля таго, як вызвалілі дзяцей.

Не трэба здзіўляцца таму, што лічба вывезеных дзяцей у Чаргінца завышана амаль удвая (замест 274 прыводзіцца 519) і г.д.

Зразумела, што напісанае Мікалаем Чаргінцом – гэта перадусім мастацкі твор. Верагодна, аўтар гэтым і стане апраўдваць свой раман. Тым не менш, у гэтым творы шмат дэталяў, якія ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці. Мастацкі твор на такую важную і балючую тэму павінен хоць у нечым супадаць з арыгінальнай гісторыяй. У дадзеным выпадку супадаюць толькі факты забірання крыві ў дзяцей і вызваленне іх партызанскай брыгадай «Штурмавая».

Сваім творам Чаргінец стварае чарговы міф, якіх было нямала ў савецкай гісторыі. Гэта падобна да такіх прыкладаў ідэалагічнай міфатворчасці, калі даводзілі пра тое, што нядаўна адноўлены комплекс «Лінія Сталіна» ў вайну адыграла важную ролю ў супраціве ворагу.

Усё прыведзенае ў рамане мае за мэту паказаць, кажучы словамі галоўнага адмоўнага персанажа твора, яўрэя-здрадніка Ліпковіча, што «там под вывеской детского интерната создан донорский центр».

На гэта спадару Чаргінцу хочацца сказаць, што сапраўдная гісторыя заўжды больш важная, цікавая і, у рэшце рэшт, больш павучальная за любы міф. Тым больш, што з цягам часу любы міф рассейваецца, рана ці позна зняпраўджваецца.

Сёлета спаўняецца 70 гадоў з дня вызвалення дзяцей дзіцячага дома ў Сёмкаве. Вельмі хочацца, каб нашчадкі захавалі гістарычную памяць пра гэтыя падзеі, каб сапраўдная гісторыя была ўшанаваная належным чынам. А розныя выдуманыя гісторыі засталіся ў мінулым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?