Адна з самых тыражных газет краіны «Аргументы и факты в Белоруссии» і раней звярталася да беларускай мовы на сваіх старонках, але гэта былі невялікія публікацыі. Цяпер рэдакцыя вырашыла пашырыць такую практыку: пад артыкулы на мове не шкадуюць і цэлых палосаў. Адпаведныя змены ўнеслі і ў пасведчанне пра рэгістрацыю: выданне з рускамоўнага стала двухмоўным.

«Што тычыцца найбольш папулярных рубрык «АіФ-афарызм», «АіФ-факт» альбо «Народны каляндар», то яны даўно выходзяць у тым ліку і на беларускай мове, — адзначыў галоўны рэдактар выдання Ігар Сакалоў. — Выдаючы тыднёвік у Беларусі, няма сэнсу гэтыя рэчы перакладаць. Бо яны не проста зразумелыя, але і любімыя».

Па словах Ігара Сакалова, чытачы цёпла ўспрымаюць беларускую мову.

«Нехта думае, што «АиФ в Белоруссии » — гэта расійскі тыднёвік. Гэта міжнародны брэнд, створаны чытачамі былога СССР. Але казаць сёння, што ў Беларусі выходзіць мясцовае выданне расійскай газеты, нельга. Бо «АіФ» з мясцовым кантэнтам выдаецца амаль ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза, у Еўропе, Азіі, Амерыцы. І мы самадастатковыя.

Таму няма ніякіх супярэчнасцяў ці дзіва, што «АиФ в Белоруссии» друкуе частку артыкулаў на беларускай мове».

Газета «Аргументы и факты» пачала выходзіць у 1978 годзе, уваходзіла ў структуру выдавецтва ўсесаюзнага таварыства «Веды». Спачатку на яе старонках публікавалася статыстычная інфармацыя. З часам ператварылася ў грамадска-палітычнае выданне. У 1990 унесеная ў Кнігу рэкордаў Гінэса як газета з самым вялікім накладам у гісторыі — 33,5 млн асобнікаў.

У 1993 быў заснаваны тыднёвік «АиФ в Белоруссии». Наклад аднаго нумара складае 159 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?