Маладафронтаўцы аблілі валяр'янкай помнік Леніну

Уладзіміра Яроменка будуць судзіць 8 лістапада.

07.11.2012 / 11:17

Сталі вядомыя абставіны ўчорашняга затрымання актывіста «Маладога Фронту» Уладзіміра Яроменка.

Як паведамляе Мfront.net, у ноч перад 7 лістапада «актывісты «Маладога Фронту» вырашылі паследаваць прыкладу сваіх папярэднікаў — змагароў супраць камуністычнай ідэалогіі мінулых часоў — і аблілі настойкай валяр’яны пастамент помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Мэта акцыі — заахвоціць катоў і котак з навакольных тэрыторыяў прыйсьці пад помнік тырану й «выказаць свае пачуцці».

Уладзімір Яроменак быў затрыманы аховай Дома ўраду і дастаўлены ў РАУС Маскоўскага раёна. Суд над актывістам адбудзецца 8 лістапада.

Летась актывісты МФ закідалі помнік яйкамі.