Віцэ-прэм’ер Украіны: Умова таннага газу — Мытны саюз

Перагляд газавага пагаднення з Расіяй немагчымы без уступлення Украіны ў Мытны саюз.

24.10.2012 / 10:47

Такое меркаванне агучыў украінскі віцэ-прэм’ер Сяргей Цігіпка ў інтэрв’ю «Lenta.ru». Адказваючы на пытанне пра ацэнку перспектывы перагляду газавых пагадненняў з Расіяй на найбліжэйшыя гады, ён заявіў: «Скажу шчыра: я не веру, што такі перагляд магчымы без уступлення ў Мытны саюз».

«Дай бог, каб змаглі пра нешта дамовіцца, але я проста назіраю гэтыя перамовы больш за два гады, і я разумею расійскі бок — навошта яму адмаўляцца ад шасці мільярдаў даляраў у год?»
— адзначыў Цігіпка.

«Сёння ў Расіі хапае сваіх праблем, якія неабходна развязваць, і тое, што Цімашэнка падпісала такое пагадненне, — гэта не праблема Расіі, гэта праблема Украіны. Патрэбныя нейкія саступкі з нашага боку, але гэта таксама нялёгка. Таму пытанне цяжкае для абодвух бакоў», — удакладніў віцэ-прэм’ер.

Пры гэтым Цігіпка выказаў меркаванне, што пагадненне «цана на газ — Мытны саюз» «не можа быць заключанае адным Януковічам».

«Гэта патрабуе вельмі сур’ёзнай размовы на ўзроўні ўсёй краіны, і я б не рэкамендаваў каму-небудзь з палітыкаў вырашаць гэтую праблему без усеўкраінскага рэферэндуму», — удакладніў ён.