У Польшчы затрымалі былога дырэктара «Пінскдрэва» Арыніча

абноўлена, дададзена

У вышук ён быў абвешчаны восенню 2011 г., рашаецца пытанне пра яго экстрадыцыю.

29.08.2012 / 16:13

Генеральная пракуратура Беларусі цяпер рыхтуе матэрыялы для экстрадыцыі з Польшчы былога кіраўніка ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Ларана Арыніча.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, раней беларускі бок ужо накіроўваў у Польшчу просьбу аб часовым арышце Арыніча да атрымання матэрыялаў аб яго выдачы.

Разам з тым у Генпракуратуры не змаглі пракаментаваць інфармацыю польскіх СМІ аб арышце Арыніча.

Аб тым, што былы гендырэктар арыштаваны, стала вядома 29 жніўня. Польскае агенцтва друку (ПАД) паведаміла, што затрыманне адбылося пасля звароту прадстаўнікоў беларускага аддзялення Інтэрпола да польскай паліцыі.

Паліцыя высветліла, што Арыніч здымае дом у Радаме, за 100 кіламетраў на поўдзень ад Варшавы. Была наладжана засада для назірання за домам і раёнам. Калі паліцыя пераканалася, што ў доме жыве менавіта Арыніч, яго затрымалі. Паводле інфармацыі ПАД, Арыніч быў вельмі здзіўлены затрыманню, але не супраціўляўся.
Ён дастаўлены ў паліцэйскі ўчастак, дзе будзе чакаць рашэння суда па пытанні аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.
Ларан Арыніч знаходзіцца ў міжнародным вышуку як абвінавачаны па крымінальнай справе.
Справа была распачата пасля пажару, які адбыўся 25 кастрычніка 2010 года ў цаху па вытворчасці драўнянастружачных пліт СТАА «Пінскдрэў-ДСП» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». У выніку пажару 14 работнікаў прадпрыемства загінулі, 22 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.